Жылібер Жан-Эмануэль
Жылібер Жан-Эмануэль (21.06.1741, в. Карэт каля Ліёна - 02.09.1814), французскі натураліст, хірург і анатам.
Скончыў медыцынскі факультэт універсітэта ў Монпелье, быў прафесарам медыцынскага каледжа ў Ліёне. У 1775г., атрымаўшы запрашэнне на працу ад падскарбія Вялікага Княства Літоўскага А. Тызенгаўза, Ж.Э. Жылібер пакінуў родны Ліён і прыбыў у Гродна, каб арганізаваць і ўзначаліць тут Гродзенскую медыцынскую акадэмію. З сабой ён узяў багаты гербарый з 300 раслін і добрую бібліятэку.
Стварыў у Гродне батанічны сад (зараз гарадскі парк імя Ж.Э.Жылібера), які ўжо праз некалькі гадоў быў прылічаны, разам з Лонданскім і Пецярбургскім, да найлепшых у Еўропе і атрымаў пачэсную назву “Каралеўскі”. Насенне і саджанцы дасылаліся з Англіі, Аўстрыі, Расіі. У 1778г. калекцыя саду налічвала ўжо каля 2000 айчынных і экзатычных відаў раслін. Звыш 500 з высаджаных мясцовых раслін мелі практычнае прызначэнне: з іх вырабляліся разнастайныя лекі для шпіталя і аптэкі пры Гродзенскай медыцынскай акадэміі. Адначасова Ж.Э. Жылібер выкладаў медыцыну, хірургію, ветэрынарыю і прыродазнаўства. Пры акадэміі быў створаны асобны анатамічны тэатр - адзін з лепшых у медыцынскіх навучальных установах Еўропы, у якім студэнты вывучалі “ўнутраны свет” чалавека і разнастайных жывёл. Намаганнямі вучонага ў Гродне ўзнік і першы на тэрыторыі Беларусі дзяржаўны заалагічны музей.
Працягваў Ж.Э. Жылібер і сваю навуковую дзейнасць. Разам з іншымі выкладчыкамі і студэнтамі ён арганізаваў некалькі экспедыцый па наваколлях Гродна, Беластока, Варшавы, Нясвіжа, Навагрудка, Вільні, Шчорсаў, Вішнева, у час якіх збіраў разнастайныя расліны, рабіў гербарый, папаўняў заалагічныя і мінеральныя калекцыі. Сабраныя звесткі сталі асновай для падрыхтоўкі яго 5- томнай працы “Флора Літвы”. Планаваў арганізацыю сельскагаспадарчай і ветэрынарнай школ, разам з Тызенгаўзам - стварэнне ў Гродна Акадэміі навук.
Калі Тызенгаўз быў зняты з пасады гродзенскага старасты, Ж.Э. Жылібер разам са сваімі вучнямі пераехаў у 1781г. у Вільню. З сабой ён вывез калекцыю мінералаў, бібліятэку ў 3000 тамоў, хірургічныя інструменты, астранамічныя і фізічныя прылады, большасць каштоўных раслін батанічнага саду. Пры падтрымцы М. Пачобут-Адляніцкага і Я. Храптовіча стварыў на базе матэрыялаў Гродзенскай медыцынскай акадэміі медыцынскі факультэт у Галоўнай школе ВКЛ (Віленскі ўніверсітэт), узначаліў кафедру натуральнай гісторыі і батанікі, заклаў пры школе батанічны сад.
У 1783г. Ж.Э. Жылібер вярнуўся ў Ліён, працаваў эпідэміёлагам, у 1792г. быў прафесарам натуральнай гісторыі інстытута навук і карысных мастацтваў. Удзельнік рэвалюцыі 1789-1794гг., у 1793г. абраны мэрам Ліёна. Пасля паражэння рэвалюцыі адышоў ад палітычнай дзейнасці, займаўся навукай. Яго імем названы адзін з відаў раслін - жыліберцыя.