Пачобут-Адляніцкі Марцін
Пачобут-Адляніцкі Марцін (30.10.1728, в.Саломенка Гродзенскага р-на – 8.2.1810), беларускі астраном, матэматык, асветнік. Рэктар Галоўнай Віленскай школы.
“Sіс іtuг аd аstга” (“Так крочаць да зорак”) – медаль з такім надпісам адчаканіў у гонар узгадаванага беларускай зямлёй знакамітага вучонага, першага айчыннага астранома, актыўнага рэфарматара і арганізатара народнай асветы другой паловы XVIII - пачатку XIX ст. Марціна Пачобута-Адляніцкага кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У жыцці гэтага чалавека не было нічога незвычайнага і захапляльнага, толькі мэтанакіраваная праца з дня ў дзень, праца патрэбная людзям – і ў гэтым яго подзвіг.
Нарадзіўся Марцін Пачобут-Адляніцкі ў радавітай, але збяднелай шляхецкай сям’і ў маёнтку Пачобудзе вёскі Саломенка Гродзенскага павета (зараз Капцёўскі сельсавет Гродзенскага раёна). Вучыўся ў Гродзенскім езуіцкім калегіуме. З мэтай цалкам прысвяціць сваё жыццё навуцы Марцін уступіў у ордэн езуітаў, якія надавалі вялікую ўвагу адукацыі. Вучыўся ў Слуцкай педагагічнай семінарыі і ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Вывучаў філасофію ў Віленскай езуіцкай акадэміі.
Яшчэ ў Акадэміі малады чалавек захапіўся навукай пра зоркі. Імкненне да ведаў падштурхнула яго да працягу адукацыі. Марцін паехаў на вучобу ў Прагу, дзе ў старажытным універсітэце Еўропы апроч астраноміі вывучаў фізіку, матэматыку, грэчаскую мову. У 1756 г. пасля вяртання на радзіму быў прызначаны на пасаду прафесара грэчаскай мовы Віленскай езуіцкай акадэміі. 3 мэтай актывізацыі навукова-даследчай дзейнасці схіляў кіраўніцтва Акадэміі запланаваць стварэнне астранамічнай абсерваторыі. У 1761 г. вучоны быў накіраваны ў замежную камандзіроўку ў Францыю, дзе ў абсерваторыях Марселя, Авіньёна і Неапаля два гады памнажаў свае тэарэтычныя веды і вёў назіранне над зорным небам.
Пасля вяртання на радзіму М.Пачобут-Адляніцкі распачаў сваю дзейнасць у Акадэміі на кафедры матэматыкі і астраноміі. У 1765 г. здзейснілася мара вучонага – пры Акадэміі была створана астранамічная абсерваторыя, выдатна абсталяваная на сродкі, выдзеленыя Адукацыйнай камісіяй і асабістыя зберажэнні М.Пачобута-Адляніцкага, які і быў прызначаны яе дырэктарам.
У 1773 г. М.Пачобут-Адляніцкі абвясціў аб адкрыцці новага сузор’я, якое назваў Шчыт Сабескага ў гонар пераможцы турак пад Венай у 1673 г. Яна Сабескага, а самую яркую зорку сузор’я – Каралеўскі Цялец Панятоўскіх у гонар караля Станіслава Аўгуста. Гэта адкрыццё было пацверджана Парыжскай акадэміяй навук, членам-карэспандэнтам якой вучонага выбралі ў 1778 г., і ўключана ў вядомы каталог Фламстэда. Раней, у 1771 г., ён стаў членам Каралеўскага навуковага таварыства ў Лондане.
Не толькі таленавітым вучоным-астраномам, але і актыўным арганізатарам асветы ў родным краі быў М. Пачобут-Адляніцкі. У 1780 г. ён стаў рэктарам Галоўнай школы Вялікага княства Літоўскага, у якую была рэарганізавана Віленская езуіцкая акадэмія пасля роспуску ордэна езуітаў.
Як рэктар Галоўнай школы ВКЛ М. Пачобут-Адляніцкі непасрэдна кіраваў правядзеннем школьных рэформ на тэрыторыі ВКЛ. На беларускіх землях адкрылася больш за 20 школ, якія давалі сярэднюю адукацыю, а таксама значная колькасць вялікіх і малых прафесіянальных школ.
Яго дзейнасць і творчасць аказалі вялікі ўплыў на фарміраванне светапогляду яго паплечнікаў і вучняў. I ў сённяшніх дасягненнях навукі і адукацыі Беларусі ёсць уклад першапраходцаў, сярод якіх пачэснае месца належыць М. Пачобуту-Адляніцкаму.
Імем М. Пачобута-Адляніцкага названы адзін з кратэраў на адваротным баку Месяца.