Церабун Уладзімір Васільевіч
Церабун Уладзімір Васільевіч (11.04.1946 г., в.Несценяты Смаргонскага раёна), беларускі скульптар, графік, жывапісец, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976), заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2007).
У 1973 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (аддзяленне скульптуры). У 1977 г. стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў. У 1979-1986 гг. – старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі. У 1987-1999 гг. У. Церабун выкладаў у Гродзенскім вучылішчы мастацтваў.
Працуе мастак пераважна ў станковай і манументальнай скульптуры і дробнай пластыцы, а з 1996 г. – яшчэ і ў пейзажным жывапісе. За свой творчы шлях ён выканаў шэраг работ як станковага, так і манументальнага характару: скульптуры, скульптура з мазаікай, кампазіцыі са шкла і металу з вытокамі асвятлення (люстры) для грамадскіх будынкаў. З’яўляецца аўтарам мемарыяльнага комплексу Дальва (1973, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976), помніка на вайсковых могілках у Гродне (1981), рэльефаў “Фантазія”, “Гімн сонцу”, кампазіцый дэкаратыўных “Крылатая” (1989), “Ветразь” (1992), цыкла “Скульптура малых форм “Ракурс” (1990-2002), серыі керамічных пасудзін (1993-1998), графічнага цыкла “Ракурс” (1986-1996). Сярод станковых кампазіцый: “Расстраляная песня. Памяці В. Хары” (1976), “Летапісец” (1981), “Сымон-музыка”, “Апошняе жніво” (абедзве 1982), “Непераможныя” (1985), “Ясь і Яніна” (1987), “Апосталы Пётр і Павел” для касцёла св. Андрэя ў Слоніме, “Госпадзі, веру табе” для бернардзінскага касцёла ў Гродне (1996), “Флора і фауна” (1997), “Мельпамена” (2001), “Элегія” (2003).
Творы Уладзіміра Церабуна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і фондзе Беларускага саюза мастакоў. У 1985 г. кампазіцыя “Расстраляная песня” экспанавалася на Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве. Аўтар атрымаў сярэбраны медаль выставы.
Кампазіцыі са шкла і металу з вытокамі асвятлення сталі для мастака эксперыментальнай работай па мастацкаму аздабленню шэрагу інтэр’ераў. Да ліку эксперыментальных і ўдалых адносіцца скульптура з мазаікай для плавальнага басейна ВА “АЗОТ” у Гродне. Тэматычныя рэльефныя кампазіцыі размясціліся ў Гродзенскім абласным Палацы юнацкай творчасці, выкананыя ў тэхніцы “выкалатка з алюмінія” і ў гіпсе.
У.Церабун стварыў шэраг мемарыяльных дошак: удзельнікам пасяджэння першага Савета рабочых дэпутатаў Гродна (1983г., Гродна), польскай пісьменніцы Зоф’і Налкоўскай (1989 г., Гродна), генералу А.І. Антонаву (2004 г., Гродна), Герою Савецкага Саюза Я.Ф. Філіпскіх (2004 г., Мінск), хірургам В.Новікаву, Д.Шавялёву, Ч.Цярэшку (2006 г., Смаргонь), сааўтар А.Крахалёў, заслужанаму работніку культуры Беларусі А.А.Дзяругу (2007 г., Смаргонь), народнай артыстцы Беларусі Т.Каламійцавай (2011 г., Мінск), сааўтар М. Бакуменка. У 2006 г. у г.п. Бераставіца ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя “Дрэва жыцця” да 500-годдзя заснавання пасёлка, у 2007 г. на возеры Свіцязь – кампазіцыя “Свіцязянка”, у 2008 г. у Скідзелі выканана кампазіцыя “Клёкат буслоў” з нагоды 500-годдзя заснавання горада, у гэтым жа годзе ў г.п. Зэльва ўсталявана кампазіцыя анімалістычнага жанру з нагоды 750-годдзя заснавання пасёлка. Усе гэтыя творы выкананы з бронзы і граніту. У 2010 г. у Лагойску была ўстаноўлена кампазіцыя “Саната памяці”, а ў 2013 г. у Смаргоні – памятны знак “Рэха вайны”, прысвечаныя воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку. У 2014 г. у Смаргоні ў цэнтральным парку ўсталявана скульптурная кампазіцыя “Мядзвежая акадэмія”.
Больш за 8 гадоў, пачынаючы з 2006 г., працаваў У. Церабун у аўтарскім калектыве над праектаваннем і будаўніцтвам мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну ў Смаргоні. Яго работы экспанаваліся ў Гродне, Мінску, Лідзе, Маскве, Ленінградзе, Троіцку, Зеленаградзе, Таліне, Панявежысе, Шаўляі, Друскінінкаі, Варшаве, Міндане, Ростаке і інш.
Больш за 50 сваіх твораў скульптар перадаў у дар музеям у Гродне, Смаргоні, в. Гудзевічы Мастоўскага раёна.
Шмат увагі мастак надае развіццю дзіцячай творчасці, арганізоўвае конкурсы, выстаўкі, пленэры.