Валчэцкая Алена Уладзіміраўна
Валчэцкая Алена Уладзіміраўна (нар. 04.12 1943, Гродна) – савецкая спартсменка (гімнастыка спартыўная), чэмпіёнка гульняў XVIII Алімпіяды ў Токіа 1964 г. (у камандных спаборніцтвах), чатырохразовая чэмпіёнка СССР у апорным скачку (1960-1962, 1965 гг.), двухразовая чэмпіёнка ў практыкаваннях на бервяне (1963, 1964 гг.). Заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін горада Гродна.
Алена Уладзіміраўна Валчэцкая нарадзілася 4 снежня 1943 года ў горадзе Гродна. Патэнцыял будучай алімпійскай чэмпіёнкі разглядзеў у пятым класе настаўнік фізкультуры 8-ай гарадской школы Мікалай Фёдаравіч Траццяк і прывёў дзяўчынку да знакамітага трэнера Рэнальда Кныша. Рэнальд Кныш у сваю чаргу папрасіў Алену выканаць некалькі гімнастычных практыкаванняў і пасля залічыў школьніцу ў адну са сваіх груп. Алена Валчэцкая была руплівай вучаніцай, якая выконвала ўсе ўказанні трэнера, што дапамагло ёй ужо праз два гады стаць чэмпіёнкай Рэспублікі, а ў 15 гадоў – майстрам спорту СССР. Рэнальд Кныш, бачачы здольнасці сваёй вучаніцы, паступова ўскладняў праграму, рыхтуючы Алену Валчэцкую да заваявання самых высокіх спартыўных вяршынь. Так, на адным з чэмпіянатаў краіны менавіта яна першай выканала апорны скачок з паваротам на 360 градусаў, які стаў любімым “каньком” яе гімнастычнай праграмы.
На Гульнях XVIII Алімпіяды 1964 г. у Токіа Алена Валчэцкая заваявала залаты медаль у камандных спаборніцтвах, заняла 8-е месца ў асабістым мнагабор’і і 5-е ў апорным скачку.
Гэты залаты алімпійскі медаль у спартыўнай гімнастыцы стаў першым не толькі ў гісторыі беларускай школы, але і ў маштабах усяго Савецкага Саюза. А сама Алена Валчэцкая стала прыкладам для ўсіх наступных пакаленняў айчынных гімнастак.
У 1965 г. элегантная гродзенская гімнастка, працягваючы серыю сваіх бліскучых выступленняў, зноў стала чэмпіёнкай СССР. У тым жа годзе спартсменка скончыла Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы.
Неўзабаве Алена Валчэцкая закончыла спартыўную кар’еру, аднак з гімнастыкі не пайшла. Яна стала трэнерам дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы – той самай, дзе працягваў працаваць і Рэнальд Кныш.
З 1968 года Алена Валчэцкая стала працаваць у тэхнікуме фізічнай культуры. Пасля ўтварэння на базе тэхнікума факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы яна працягнула працу па выхаванні студэнцкай моладзі ўжо ў вышэйшай навучальнай установе.
У пачатку 2000-ых па запрашэнні вядомага трэнера Мікалая Мілігулы Алена Валчэцкая з’ехала ў ЗША, дзе працавала трэнерам па гімнастыцы. Аднак у 2006 годзе вярнулася ў родны Гродна, дзе жыве і працуе і па гэты дзень. З’яўляецца дацэнтам кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, узнагароджана медалём “За заслугі перад універсітэтам”.