Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Багушэвіч Францішак Бенядзікт

Багушэвіч Францішак Бенядзікт

Багушэвіч Францішак Бенядзікт (21.3. 1840 – 28.4. 1900, в. Кушляны Смаргонскага р-на), класік беларускай літаратуры, удзельнік паўстання 1863-1864 гг. Працаваў настаўнікам у Доцішках Воранаўскага р-на. З 1898 г. жыў у в.Кушляны Смаргонскага р-на. Пахаваны ў в. Жупраны Ашмянскага р-на.

Дзіцячыя гады прайшлі ў асяроддзі, блізкім да сялянскага. У 1852 годзе ён паступіў у чатырохкласнае аддзяленне Віленскай гімназіі, потым вучыўся ў гімназіі, якую скончыў у 1861 годзе. Асаблівую цікавасць выказваў да славянскіх моў, матэматыкі і заканадаўства. Яшчэ гімназістам Ф. Багушэвіч не застаўся абыякавым да гісторыі і культуры краю, усталяваў сувязі з музеем старажытнасцей у Вільні, перадаў туды ў 1856 годзе некалькі прадметаў.

У 1861 годзе Ф. Багушэвіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе ў той час пачаліся студэнцкія хваляванні. Як і большасць студэнтаў, ён не прыняў матрыкул і быў вымушаны пакінуць універсітэт. Вярнуўшыся на радзіму, прыняў удзел у грамадска-рэвалюцыйным руху, быў звязаны з рэвалюцыйным таварыствам “Пянтковічаў” на Ашмяншчыне; працаваў настаўнікам у народнай школе ў в. Доцішкі Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён). У 1863 годзе Ф. Багушэвіч, як і яго брат Валяр’ян, стаў паўстанцам, са зброяй у руках змагаўся супраць царызму ў атрадзе Л. Нарбута, які ўзначаліў паўстанне на Лідчыне. У адным з баёў быў паранены. Амаль уся яго сям’я была прыцягнута да следства і суда за дапамогу паўстанцам. Улады шукалі Францішка і яго брата Валяр'яна. 3 дапамогай знаёмага па Доцішках Яна Карловіча (у далейшым выдатнага вучонага – мовазнаўца і фалькларыста), Ф. Багушэвічу ўдалося выехаць на Украіну. У 1865 годзе ён паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй. У час вучобы Ф. Багушэвіч зарабляў сродкі на жыццё рэпетытарствам. У 1868 годзе паступіў на службу канцылярскім чыноўнікам у Чарнігаўскае губернскае праўленне, адкуль праз паўгода быў пераведзены ў губернскую палату крымінальнага і цывільнага суда. 3 таго часу пачалася яго служба судовым следчым у розных паветах Чарнігаўскай губерні.

У 1884 годзе Ф. Багушэвіч перабраўся ў Вільню, дзе стаў адвакатам толькі што ўтворанага Віленскага акруговага суда. Паводле сведчання сучаснікаў, ён быў адным з лепшых прадстаўнікоў адвакатуры краю, вылучаўся красамоўствам, значным юрыдычным вопытам. Яго кватэра на вуліцы Коннай (цяпер Арклю) у Вільні заўсёды поўнілася сялянскімі хадакамі, а ў калег, звязаных з буржуазна-памешчыцкімі коламі, ён заслужыў мянушку “мужыцкага адваката”.

Найбольш плённа літаратурная дзейнасць Ф.Багушэвіча разгарнулася ў віленскі перыяд. Шматлікія вершаваныя творы склалі два паэтычныя зборнікі, выдадзеныя за мяжою. Там жа асобным выданнем выйшла апавяданне “Тралялёначка”. Адначасова Ф. Багушэвіч дасылаў свае публіцыстычныя допісы ў польскі часопіс “Кгаj” (“Край”), супрацоўнічаў з варшаўскім этнаграфічным часопісам “Wіslа” (“Вісла”).

Ф. Багушэвіч – адна з буйнейшых постацей беларускай літаратуры і грамадскай думкі 2-й палавіны XIX ст. 3 імем Ф. Багушэвіча звязаны першыя крокі беларускай мастацкай прозы. Яго прадмовы да паэтычных зборнікаў – сапраўдныя нацыянальна-літаратурныя маніфесты, у якіх з усёй страснасцю адстойвалася права беларускага народа на развіццё ўласнай літаратуры і культуры. Сацыяльна вострыя творы пісьменніка, за рэдкімі выключэннямі, не маглі друкавацца ва ўмовах царскай Расіі, таму яго кнігі выходзілі пад псеўданімамі за мяжою. У 1891 годзе ў Кракаве надрукаваны першы паэтычны зборнік паэта “Дудка беларуская”, у наступным годзе апавяданне “Тралялёначка”. А зборнік Ф.Багушэвіча “Смык беларускі” (1894) надрукаваны ў Познані. Крытычных водгукаў на кніжкі Ф.Багушэвіча было надзвычай мала.

У цэнтры Жупран і на яго магіле пастаўлены помнікі. Імя Ф.Багушэвіча прысвоена калгасу ў Ашмянскім р-не (цэнтр у Жупранах), Жупранскай сярэдняй школе (створаны школьны літаратурны музей Ф.Багушэвіча), Ашмянскаму краязнаўчаму музею, дзе ёсць экспазіцыя, прысвечаная пісьменніку і яго асабістыя рэчы. Адрэстаўравана сядзіба ў Кушлянах, дзе створаны літаратурны музей. Усталявана мемарыяльная дошка ў Нежыне на будынку, дзе вучыўся Ф. Багушэвіч. Яго імем названа вуліца ў Гродне.

Рукапісная спадчына паэта як адзінае цэлае не збераглася, асобныя яго аўтографы ёсць у сховішчах Вільнюса, Санкт-Пецярбурга, Чарнігава, Львова.