Гальяш Леўчык
Гальяш Леўчык (сапр. Ілья Міхайлавіч Ляўковіч, 20 ліпеня 1880, Слонім – 1944, Варшава), беларускі паэт, беларусазнавец, публіцыст, перакладчык, музыкант.
Ілья Ляўковіч нарадзіўся ў сям’і каваля. Скончыў Слонімскае павятовае вучылішча. Служыў у канцылярыях з’ездаў міравых суддзяў, судовага следчага ў Слоніме. У 1904-1920 гг. працаваў чарцёжнікам у магістраце Варшавы. Пастаянна жыў у Варшаве, але лета праводзіў звычайна ў Слоніме, дзе меў свой дом.
Друкавацца Гальяш Леўчык пачаў з 1908 г. у “Нашай ніве”. Выдаў зборнік вершаў “Чыжык беларускі” (Вільня, 1912). У 1920-я гг. прымкнуў да рэвалюцыйна-рамантычнага кірунку заходнебеларускай паэзіі. Выступаў як публіцыст, гумарыст і сатырык (друкаваўся ў гумарыстычных часопісах “Авадзень”, “Маланка”). Супрацоўнічаў з дзіцячым часопісам “Заранка”.
Г. Леўчык быў вялікім кніжнікам. Меў багатыя, найперш беларусазнаўчыя бібліятэкі ў Варшаве і Слоніме. Збіраў і апрацоўваў фальклор, узоры народнай керамікі. Добра іграў на гітары, акарыне, маляваў. На свае тэксты пісаў музыку. Зберагліся ноты яго песні “Мне трэба умярці…”. Пераклаў на беларускую мову творы Ю. Славацкага, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, К. Тэтмаера, А. Лянге і інш. Падрыхтаваныя ім зборнікі вершаў “Беларускі жаваранак” і трыялетаў “Мудра пагаворка – соладка і горка” выдаць не ўдалося.
Памёр Гальяш Леўчык у час Варшаўскага паўстання 1944 г.