Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Нарбут Казімір

Нарбут Казімір

Нарбут Казімір (3 студзеня1738, Лідчына – 17 сакавіка 1807) –асветнік, філосаф, настаўнік, член ордэна Піяраў. Прафесар філасофіі, кавалер ордэна Святога Станіслава. Прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, потым у Любяшоўскім навіцыяце і ў піярскім калегіуме ў Дубровіцы, з 1759 года ў піярскім калегіуме ў Вільні, каля 4 гадоў – у піярскім вучылішчы ў Рыме. У 1764 годзе вярнуўся на радзіму, дзе быў прызначаны прафесарам і прэфектам піярскага калегіума ў Дубровіцы. Пасля жыў у Вільні, чытаў лекцыі па філасофіі, быў прэфектам піярскай друкарні.

У 1769 годзе К. Нарбут выдаў у Вільні падручнік па логіцы на польскай мове “Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі”. Аўтар курса “Эклектычнай філасофіі” і рукапісаў на лацінскай мове. Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу “Ваенная навука прускага караля для яго генералаў” (1771). У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала. Член “Таварыства па складанні элементарных кніг”, напісаў 2 раздзелы “Статута парафіяльных школ” і настаўленне “Аб інспектаванні школ”.

К. Нарбут выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі. З’яўляўся прыхільнікам дэізму. Асновай разумення лічыў дакладнасць і відавочнасць ідэй, слушнасць прынцыпаў метада Рэнэ Дэкарта.

У пачатку 1770-х гадоў Казімір Нарбут прапанаваў ідэю пра сацыяльную прыроду чалавека. Ён крытыкаваў сістэму адукацыі ў акадэміях і калегіумах ордэна езуітаў, выступаў за свецкую сістэму адукацыі. Як член Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнага навучання ў Беларусі і Літве. Паводле меркавання К. Нарбута адной з асноўных адукацыйных дысцыплін з’яўляецца свецкая этыка.

З 1773 да 1775 года Казімір Нарбут знаходзіўся ў Германіі і Францыі як выхавальнік дзяцей падскарбія вялікага літоўскага. У 1784-1786 гг. – Пробашч лідскі. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай К. Нарбут да канца сваіх дзён жыў у вёсцы пад Лідай.

Пахаваны ва ўніяцкай царкве ў Радзівонішках Лідскага раёна, але яго магіла не захавалася.