Русецкая Саламея
Саламея Русецкая (Пільштынова) (нар. 1718 – пасля 1760), асветніца, мемуарыстка, падарожніца, лекарка.
Нарадзілася на Навагрудчыне ў сям’і мешчаніна Іахіма Русецкага. У чатырнаццацігадовым узросце бацька выдаў яе замуж за нямецкага лекара Якуба Гальпіра. 3 гэтага часу і пачалося падарожжа Саламеі з горада ў горад, з краіны ў краіну.
Спачатку С.Русецкая накіравалася ў Стамбул; авалодала турэцкай і нямецкай мовамі; пачала дапамагаць мужу ў яго працы і ў хуткім часе навучылася лячыць некаторыя хваробы вачэй. Праз пэўны час яна набыла столькі ведаў і вопыту, што атрымала афіцыйны дазвол на лекарскую дзейнасць.
Саламея лячыла людзей розных саслоўяў. Асаблівае прызнанне прыйшло да лекаркі, калі яна вылечыла ад слепаты адну з жонак янычар-агі (галоўнага янычара). Акрамя хвароб вачэй, яна паспяхова лячыла паралічы, туберкулёз, псіхіятрычныя, скураныя і гінекалагічныя захворванні.
У 1737 г. Саламея Русецкая займалася медыцынскай практыкай у турэцкім Відзіне (цяпер Балгарыя).
Пасля смерці Я. Гальпіра выйшла замуж за Юзафа Фартуната Пільштына, аднаго з аўстрыйскіх афіцэраў, выкупленых ёю ў туркаў, і вярнулася на радзіму.
Некаторы час Саламея была сямейнай лекаркай у князя Міхаіла Казіміра Радзівіла (Рыбанькі) у Нясвіжы. Каля года служыла прыдворнай лекаркай імператрыцы Ганны Іаанаўны ў Пецярбургу. Пэўны час практыкавала ў Вене – лячыла членаў турэцкага пасольства.
Апошняе вядомае месцазнаходжанне Саламеі Русецкай – Стамбул. Адсюль яна збіралася адправіцца ў паломніцтва ў Іерусалім. Далейшы лёс С. Русецкай невядомы.
У 1760 г. Саламея напісала кнігу-дзённік “Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...”, дзе расказала пра сваё поўнае прыгод і неверагодных здарэнняў жыццё. У сваіх мемуарах яна апісвае побыт, норавы розных народаў, разважае наконт сучасных ёй падзей. Стварае цікавыя партрэты людзей, якія сустракаліся падчас вандровак.
Запіскі С. Русецкай – багатая і цікавая крыніца па гісторыі і геаграфіі краін Еўропы сярэдзіны XVIII ст. Рукапіс дзённіка знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве. Беларускія чытачы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з гэтым творам на роднай мове ў 1991 г., калі раздзелы з рамана былі надрукаваны ў часопісе “Полымя” пад назвай “Авантуры майго жыцця”.