Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Ратайка Пётр Іванавіч

Ратайка Пётр Іванавіч

Ратайка Пётр Іванавіч (13 студзеня 1898, в. Пескі Гродзенскай губерні – 1982) – беларускі дзяржаўны дзеяч

Нарадзіўся ў в. Пескі Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі (цяпер Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці). З сялянскай сям’і. Закончыў мясцовую трохкласную школу ў 1912 годзе, з 14 гадоў пачаў працаваць.

У верасні 1915 года сям’я Ратайкаў з набліжэннем германскіх войск эвакуіравалася ў г. Арэнбург. У маі 1916 года Пятра забралі на фронт. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ён з першых дзён са зброяй у руках у Чырвонай Арміі, у складзе 18-га стралковага палка. Служыў спачатку радавым, а потым палітруком. Удзельнічаў у баях супраць войск генерала А. І. Дутава і адмірала А. В. Калчака.

У ліпені 1920 года ўступіў у РКП(б). Пасля дэмабілізацыі П. І. Ратайка працаваў у Беларусі. Быў старшынёй Заслаўскага і Самахвалавіцкага валасных выканкамаў. 3 1926 года П. І. Ратайка тры гады вучыўся ў Камуністычным універсітэце Беларусі ў Мінску. Пасля яго заканчэння працаваў старшынёй Чэрыкаўскага, потым Крычаўскага райвыканкамаў, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. У 1938-1955 гг. быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1939-1941 гг. працаваў старшынёй Гродзенскага гарвыканкама.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Ратайка знаходзіўся ў дзеючай арміі. Ваяваў у складзе 3-й арміі на Бранскім фронце. За мужнасць у барацьбе з ворагам быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Восенню 1943 года з пачаткам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Пётр Іванавіч быў адкліканы з арміі і накіраваны ў распараджэнне Савета Народных Камісараў (СНК) БССР, які часова знаходзіўся ў Гомелі.

П. І. Ратайка працаваў намеснікам старшыні СНК рэспублікі, а ў 1944 годзе прыехаў у Гродна. Да 1948 года займаў пасаду старшыні Гродзенскага абласнога выканкама. У гэтыя гады шмат увагі і часу аддаваў аднаўленню разбуранай гаспадаркі горада.

У наступныя гады Пётр Іванавіч працаваў у Мінску. У 1958 годзе закончыў Цэнтральны інстытут рыбнай прамысловасці. На працягу некалькіх гадоў узначальваў Галоўнае ўпраўленне рыбнай прамысловасці пры Савеце Міністраў БССР.

Узнагароджаны 6 ордэнамі і медалямі.

6 снежня 1967 года Пятру Іванавічу Ратайка прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Гродна”.

Памёр П. І. Ратайка ў 1982 годзе.