Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Роўда Віктар Уладзіміравіч

Роўда Віктар Уладзіміравіч

Роўда Віктар Уладзіміравіч (10.11.1921, Смаргонь – 18.11.2007) – савецкі і беларускі харавы дырыжор, педагог. Народны артыст Беларускай ССР (1978), народны артыст СССР (1990).

Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. У 1939 годзе скончыў Віленскую дзяржаўную духоўную семінарыю, у 1951 годзе – дырыжорска-харавое і вакальнае аддзяленне Літоўскай кансерваторыі, адначасова – медыцынскі факультэт Віленскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “хірург”.

У 1951-1954 гадах вучыўся ў аспірантуры Маскоўскай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага. У 1956 годзе абараніў дысертацыю, прысвечаную праблемам выканання народнай песні ў акадэмічным хоры.

Сумяшчаў аспіранцкую дзейнасць з хармайстарскай працай у Дзяржаўным акадэмічным рускім хоры СССР, Маскоўскім харавым вучылішчы, а таксама опернай студыі кансерваторыі.

У 1956-1965 гадах – галоўны хармайстар і дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларускай ССР (цяпер Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы).

З 1965 года – мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Акадэмічнага хору Беларускага тэлебачання і радыё.

З 1956 года выкладаў у Беларускай кансерваторыі: з 1961 года – дацэнт, з 1964 года – загадчык кафедры харавога дырыжыравання, з 1975 года – прафесар.

Актыўна займаўся грамадска-асветніцкай працай, выступаў арганізатарам дзіцячых святаў песні ў Беларусі, шмат разоў удзельнічаў у якасці члена журы розных харавых фестываляў і конкурсаў.

Склаў харавыя зборнікі, хрэстаматыі па дырыжыраванні, зняў і запісаў у фонды радыё і тэлебачання Беларусі больш за дзве тысячы твораў замежнай і рускай харавой класікі, народных песень, твораў беларускіх кампазітараў.

Лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” (1996), лаўрэат нацыянальных i міжнародных конкурсаў.