Шыдлоўскі Аляксандр Канстанцінавіч
Шыдлоўскі Аляксандр Канстанцінавіч (18.06.1911, в.Мінкі Смаргонскага р-на – 22.09.2002, Гродна), знакаміты беларускі культурны дзеяч, кампазітар, педагог. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Ганаровы грамадзянін Гродна і Смаргоні. У 1960-1970 гг. – дырэктар Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці. Яго песня “Колькі ў небе зор” стала народнай.
Аляксандр Канстанцінавіч Шыдлоўскі нарадзіўся ў прыгожым кутку Беларусі – вёсцы Мінкі на Смаргоншчыне. Віленская губерня ўваходзіла тады ў склад царскай Расіі. Мнагадзетнай сялянскай сям’і, у якой было пяцёра дзяцей, жылося не салодка і не багата. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я Шыдлоўскіх апынулася аж у Сімбірску.
У 1921 г. вярнуліся на Радзіму. Смаргоншчына ўжо ўваходзіла ў склад панскай Польшчы. Дом быў разбураны, доўга жылі ў зямлянцы, цяжка працавалі і будаваліся. Аляксандр працягваў вучобу ў школе ў Смаргоні, затым у Віленскай і Клецкай беларускіх гімназіях.
Аляксандр стаў рэвалюцыянерам-падпольшчыкам, удзельнічаў у пасольскім рабоча-сялянскім клубе “Змаганне”, працаваў інструктарам Віленскага акруговага камітэта камсамола Заходняй Беларусі, у 1930 годзе быў абраны дэлегатам ад сялянскай моладзі на Кангрэс у Берліне. 5 гадоў правёў у турме ў якасці палітычнага вязня. Цяжкасці загартавалі яго волю, яго характар, ён застаўся верным сваім ідэалам у служэнні Радзіме.
У 1939 г. пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі Аляксандр Шыдлоўскі вярнуўся ў бацькоўскую хату. Уважліва ўслухоўваўся ў мелодыі і песні вяскоўцаў. Прырода шчодра надзяліла гэтага чалавека не толькі высокай духоўнасцю, моцнай фізічнай сілай, але і прыгожым, непаўторным па тэмбру голасам і тонкай музыкальнасцю. З 1940 г. Аляксандр Шыдлоўскі – артыст Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Рыгоравіча Шырмы.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ансамбль даваў канцэрты ў тыле, на фронце, у шпіталях.
Ужо ў сталым узросце, сямейны чалавек і бацька, А.Шыдлоўскі вырашыў здзейсніць сваю юнацкую мару – атрымаць адукацыю. Паступае завочна і паспяхова заканчвае ў 1950 г. Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава. У яго дыпломе запісана: “Навуковы работнік у галіне гістарычных навук, выкладчык ВНУ, настаўнік СШ”.
У 1960 г. А.К. Шыдлоўскі атрымлівае ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры БССР” і становіцца дырэктарам абласнога Дома народнай творчасці. У яго актыве – стварэнне высокамастацкіх аматарскіх калектываў па ўсёй вобласці, якія і цяпер шырокавядомы; адкрыццё першага на Беларусі музея народнай творчасці; сумленнае шчыраванне на ніве захавання і зберажэння неацэннага скарбу – народнай творчасці.
Аляксандр Канстанцінавіч напісаў больш за 200 песень, якія па сваіх інтанацыях вельмі блізкія да народных. Шырока вядомы “Песня пра Гродна”, “Ой, ты, Нёман родны”, “Там, пад гаем”, “Ой, зайграйце музыкі”, “Гродзенскі вальс”. Першы яго зборнік убачыў свет у 1964 г.
Сэнсам жыцця Аляксандра Канстанцінавіча Шыдлоўскага была не толькі вялікая любоў да ўсяго роднага, беларускага, не толькі вялікі гонар прыналежнасці да бацькоўскай спадчыны, але нязгаснае жаданне захаваць ўсё гэта, паглыбіць і перадаць нашчадкам на вякі.