Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Дамейка Ігнат Іпалітавіч

Дамейка Ігнат Іпалітавіч

Дамейка Ігнат Іпалітавіч (31.7 1802, маёнтак Мядзвядка Карэліцкага р-на – 23.1.1889), беларускі геолаг, мінеролаг, даследчык Чылі, удзельнік вызваленчага руху на Беларусі. Нацыянальны Герой Чылі.

Ігнат Іпалітавіч Дамейка – адважны падарожнік, дапытлівы вучоны-даследчык, таленавіты выкладчык, чыё жыццё і дзейнасць справядліва ўшанаваны тытуламі Грамадзяніна свету, Апостала навукі і адукацыі.

Ён нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. Атрымаў выдатную па тым часе адукацыю: вучыўся ў школе піяраў у Шчучыне, а ў 1816 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, дзе пасябраваў з А. Міцкевічам, Я. Чачотам, Т. Занам, А. Адынцом і ўступіў у тайнае таварыства філаматаў. Пасля заканчэння вучобы атрымаў ступень магістра матэматыкі і філасофіі, збіраўся заняцца навукай, аднак у лістападзе 1823 г. разам з іншымі ўдзельнікамі патрыятычна-дэмакратычнага руху быў арыштаваны і высланы пад нагляд паліцыі ў в. Заполле Лідскага павета, а потым у в. Жыбуртоўшчына паблізу Дзятлава. Ігнат Іпалітавіч Дамейка з’яўляўся ўдзельнікам паўстання 1830-1831 гг. у Польшчы, Беларусі і Літве. Пасля паражэння паўстання эмігрыраваў за мяжу.

У Парыжы І.І. Дамейка апынуўся ў самым цэнтры польска-беларускага эміграцыйнага руху, але гэта не перашкаджала займацца адукацыяй. Ён слухаў лекцыі выдатных вучоных Францыі, наведваючы Калеж дэ Франс, Сарбонскі ўніверсітэт, прайшоў поўны курс навучання ў Горнай школе і атрымаў дыплом інжынера. Працоўную дзейнасць пачаў у Эльзасе, дзе займаўся пошукамі радовішчаў жалезнай руды.

Абвешчанай у 1838 г. маладой Чылійскай рэспубліцы былі вельмі патрэбны вучоныя-выкладчыкі. I. Дамейка быў запрошаны на працу ў г. Какімба ў якасці прафесара хіміі і мінералогіі. Ён стварыў школу па падрыхтоўцы горных спецыялістаў, арганізаваў фізіка-хімічную лабараторыю. Наладжваў экспедыцыі па вывучэнні краіны, цікавіўся карыснымі выкапнямі і прыроднымі багаццямі, сабраў калекцыі мінералаў, вывучаў жыццё насельніцтва, асабліва карэнных жыхароў – індзейцаў. Па матэрыялах этнаграфічных падарожжаў па паўднёвай ускраіне Чылі напісаў і апублікаваў на іспанскай мове кнігу “Араўканія і яе жыхары” (перакладзена на польскую мову і выдадзена ў Вільні ў 1860 г.). У 1846 г. І.І. Дамейку запрасілі на працу ва ўніверсітэт у сталіцу Чылі, быў абраны рэктарам установы.

Заслугі Дона Ігнаціа (так з павагай называлі І.І. Дамейку ў Чылі) перад новай радзімай цяжка ацаніць. Ён працаваў у розных галінах навукі і адукацыі: рэарганізаваў сістэму навучання; падрыхтаваў нацыянальныя кадры выкладчыкаў, геолагаў, мінералогаў; увёў метрычную сістэму мер і вагі; адкрыў багатыя радовішчы золата, серабра, медзі, каменнага вугалю, славутай чылійскай салетры, арганізаваў іх здабычу; склаў геалагічную карту Чылі; прымаў удзел ва ўдасканаленні водазабеспячэння сталіцы; стварыў музей мінералагічных, петраграфічных і палеанталагічных матэрыялаў; сабраў і апісаў мноства новых мінералаў, раслін, метэарытаў; арганізаваў бібліятэку прыродазнаўства; напісаў падручнікі па хіміі, фізіцы і мінералогіі; апублікаваў звыш 130 навуковых прац, якія прынеслі вучонаму сусветную вядомасць.

У жніўні 1884 г. І.І. Дамейка наведаў Мядзведку, Мір, Навагрудак. Чатыры гады правёў у Жыбуртоўшчыне ў сям’і дачкі. Ігнат Іпалітавіч марыў застацца ў Беларусі, аднак разумеў, што тут патрэбны толькі родным, а ў Чылі яго чакалі. У 1855 г. у Сант’яга быў адліты залаты медаль з выявай вучонага і словамі “навука – праца – бескарыслівасць”, якія дакладна характарызавалі яго асобу.

У 1903 г. у Чылі выдадзены яго навуковыя працы ў 5 тамах, у 1962—1963 гг. у Польшчы — мемуары “Мае падарожжы”.

Памяць пра І.І. Дамейку захоўваецца і сёння на далёкім амерыканскім кантыненце. Вучоны з’яўляецца нацыянальным героем рэспублікі; яго імем названы ўніверсітэт і нацыянальная бібліятэка, партовы горад і рабочы пасёлак, горны ланцуг у Андах і шматлікія радовішчы, мінерал і нават фіялка. У доме, дзе жыў І.І. Дамейка, працуе музей, у сталіцы рэспублікі пастаўлены помнік з надпісам “Grande Еducador” (“Вялікі Асветнік”).

Не забыты вучоны ў Беларусі, Полышчы і Літве. Імя І.І. Дамейкі ўвекавечана памятнай дошкай на будынку Віленскага ўніверсітэта і экспазіцыямі школьных музеяў у вёсках Мядзведцы Карэліцкага раёна і Крупава Лідскага раёна. 3 нагоды 200-годдзя з дня яго нараджэння былі выпушчаны памятныя манеты, паштовы канверт, буклет “Малая Радзіма I. Дамейкі”. У Мядзведцы ўстаноўлены бронзавы бюст вучонага. Рашэннем ЮНЕСКА 2002 г. быў аб’яўлены годам І.І. Дамейкі – гэта заслужаная даніна памяці нашаму земляку, спадчына якога адначасова належыць тром розным народам – беларускаму, польскаму і чылійскаму.