Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Пігулеўскі Уладзімір Васільевіч

Пігулеўскі Уладзімір Васільевіч

Пігулеўскі Уладзімір Васільевіч (10.03.1889, Гродна – 17.06.1958) – беларускі нацыянальны дзеяч, пісьменнік, драматург.

Скончыў Мінскую гімназію (1907). Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце. З кастрычніка 1912 па верасень 1913 года праходзіў тэрміновую службу ў войску. Удзельнік Першай сусветнай вайны.

З 1922 года жыў у Латвіі, выкладчык Дзвінскай беларускай гімназіі. У 1924-1925 гг. – дырэктар Люцынскай беларускай гімназіі. У 1925 годзе пасля сфабрыкаванага латвійскімі ўладамі працэсу Уладзімір Пігулеўскі быў пазбаўлены педагагічнай працы. Пераехаў у Рыгу, працаваў у Транзітным кааператыўным банку. У 1926 годзе ўдзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу (Мінск). У 1926-1934 гг. загадчык Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі. Пасля дзяржаўнага перавароту ў Латвіі арыштаваны і сасланы ў Ліепайскі лагер (1935). Пасля вызвалення актыўна ўдзельнічаў у падпольным рэвалюцыйным руху, займаўся журналістыкай. У 1940-1941 гг. інспектар Міністэрства асветы Латвійскай ССР.

У Вялікую Айчынную вайну эвакуіраваўся ў Татарстан, працаваў там школьным інспектарам, выхавацелем ў дзіцячым доме.

Пасля вайны жыў у Рызе, выкладаў у Рыжскім мараходным вучылішчы, педагагічным інстытуце.

Друкаваўся з 1924 года. Перакладаў на беларускую мову творы латышскіх і чэшскіх пісьменнікаў. Напісаў шэраг п’ес для школьнага тэатра (“Хамуты”, “У трамваі”, “Вечар пад каляды”, “Гідра”). Склаў чытанку для беларускіх школ у Латвіі “Наш край” (1928). На латышскую мову пераклаў камедыю Я. Купалы “Паўлінка” (пастаўлена ў 1949 годзе Латвійскім тэатрам імя Я. Райніса). Апублікаваў у латышскім друку шмат артыкулаў пра беларускую літаратуру і тэатр, творчасць Я. Купалы і Я. Коласа.

Рукапісная спадчына (у т.л. неапублікаваныя творы) У. Пігулеўскага захоўваецца ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Беларусі.

Памёр 17 чэрвеня 1958 года ў Рызе, дзе і пахаваны.