Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Ачапоўскі Міхал

Ачапоўскі Міхал

Ачапоўскі Міхал (11.05.1788, маёнтак Пацейкі, Навагрудчына –09.01.1854, Варшава) – беларуска-польскі аграном і эканаміст, прафесар Віленскага ўніверсітэта. Прадстаўнік класічнай школы эканамічнай думкі.

Вучыўся ў Слуцкай гімназіі, пасля чаго паступіў у Віленскі ўніверсітэт. 27 ліпеня 1810 года Міхал Ачапоўскі атрымаў ступень кандыдата філасофіі, а ў 1812 годзе – доктара філасофіі на матэматычным факультэце.

Пасля атрымання навуковай ступені Міхал Ачапоўскі працаваў аканомам на тэрыторыі сучаснай Літвы. Ён карыстаўся інавацыйнымі на той час агранамічнымі дасягненнямі, дзякуючы чаму вывеў давераныя яму гаспадаркі на перадавы ўзровень. Ачапоўскі друкаваў асветніцкія працы ў “Віленскім дзённіку”, папулярным культурна-навуковым часопісе таго часу. У 1819 годзе вучоны выдаў сваю першую сур’ёзную працу па аграноміі, “Асновы сельскагаспадарчай хіміі”, у Вільні на польскай мове.

У 1819-1822 гадах Ачапоўскі здзейсніў навуковую вандроўку па краінах Еўропы. Ён наведаў Германію, Галандыю, Францыю, Англію і іншыя краіны, сустракаўся з Альбрэхтам Таерам, прафесарам Берлінскага ўніверсітэта. Пад патранажам Таера на працягу года Ачапоўскі вывучаў вопыт аграрнай навукі і практыкі ў Германіі.

З 1822 года прафесар Ачапоўскі ўзначальвае кафедру сельскай гаспадаркі ў Віленскім універсітэце. У 1823 годзе абраны Сапраўдным Сябрам Імператарскага Маскоўскага Таварыства сельскай гаспадаркі, у 1824 годзе – Сапраўдным Сябрам Імператарскага вольнага эканамічнага таварыства.

Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта ў 1831 годзе Ачапоўскі пераязджае ў Польшчу. У 1835 годзе становіцца дырэктарам Марыямпальскага інстытута сельскай гаспадаркі, атрымоўвае прызнанне як у Польшчы, так і за яе межамі.

Найбольш вядомыя навуковыя працы М. Ачапоўскага: “Асновы сельскагаспадарчай хіміі”, “Асновы аграноміі – навукі аб глебах”, двухтомная праца “Аб спосабе гаспадарання ў паўночным клімаце”, а таксама галоўная праца жыцця – “Сельская гаспадарка, якая ўключае ў сябе ўсе галіны земляробства” (у 12 тамах).