Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Найдус Лейба

Найдус Лейба

Найдус Лейба (6.10.1890, Гродна – 1918, Гродна), класік яўрэйскай літаратуры.

Нарадзіўся ў сям’і землеўласніка, якая жыла ў маёнтку Кусцін (Беласточчына, Польшча). Тут прайшло і дзяцінства Лейбы. Скончыў у Гродне пачатковую школу. З 1901 года вучыўся ў камерцыйнай вучэльні ў г. Радам (Польшча), затым у рэальнай вучэльні ў Беластоку. У 1905 годзе быў выключаны за ўдзел у вучнёўскіх хваляваннях. У 1907 годзе выключаны на той жа падставе з Ковенскага вучылішча. Удзельнічаў у маніфестацыях, нелегальных сходках, распаўсюджванні падпольнай літаратуры. Пасведчанне выпускніка сярэдняй рэальнай школы атрымаў у 1911 годзе.

1907 год стаў пачаткам ягонай літаратурнай творчасці. Даслаў у часопіс “Роман-цайтунг” (Варшава), верш які і быў надрукаваны. Неўзабаве ягоныя паэтычныя радкі рэгулярна змяшчалі яўрэйскія выданні Варшавы і Вільні, расійскіх гарадоў.

Найдус пачаў працаваць на мове ідыш у важны для яўрэйскай літаратуры час. Друк першых ягоных вершаў супаў з выданнем у Вільні штомесячнага часопіса “Literarishe Monatschriften”.

Лейба вярнуўся ў Гродна і ўладкаваўся на сталую працу ў яўрэйскі часопіс “Жыццё і веды”. Зарабляў на хлеб аўтарскімі ганарарамі за надрукаваныя творы. Наладзіў добрыя сувязі з настаўнікамі “повшехных” (агульнаадукацыйных) школ.

Неўзабаве паэт заразіўся дыфтэрыяй, вяртаючыся з паэтычных выступленняў і літаратурных вечарын, але на хваробу не звярнуў увагі. Калі звярнуўся ў бальніцу, то аказалася, што позна: не вытрымала сэрца.

Лейба Найдус меў 28 гадоў і набраў добры разгон як паэт. 11-гадовы тэрмін (з 1907) быў вызначаны нязвыклай прадукцыйнасцю — стварэннем вершаў, песень, эсэ, літаратурных нататак, перакладаў вядомых паэтаў. Яго вершы прасякнуты матывамі пагранічна розных нацыянальных культур — беларускай, польскай, яўрэйскай, літоўскай, якія ўзаемна ўзбагачаліся, цесна перапляталіся адна з другой.

Яму належаць зборнікі вершаў “Лірык” (“Лірыка”, Вільня, 1915), пераклад паэмы А.Пушкіна “Сказка о мертвой царевне и семи богатырях” (Гродна, 1918), кніга вершаў аб прыродзе “Да флейт фун Пан” (“Флейта Пана”, Гродна, 1918), “Інтыме нігунім” (“Інтымныя напевы”, пасмяротнае выданне, Гродна, 1919). У маі 1918 года ім была завершана паэма “Да эрд дэрвахт” (“Зямля абуджаецца”). Ён адрэдагаваў літаратурны зборнік на рускай мове “Неман” (Гродна, 1916). Пяцітомнік быў выдадзены ў Варшаве цягам 1923-1928 гадоў, у тым ліку — “Кніга паэм”, “Літоўскія арабескі”, “Свет Парнасу”, “Руская паэзія” і інш.

Акрамя назвы вуліцы ў Гродне, у Варшаве на яўрэйскіх могілках ёсць помнік на сімвалічнай магіле творцы. Пра гэта парупіліся прыхільнікі творчасці Лейбы Найдуса (1992).