Шумаў Пётр
Шумаў Пётр (1872 - 1936), руска-французскі фотамастак. Нарадзіўся 13 сакавіка (па старым стылі) у Гродне ў дваранскай сям'і. 12 гадоў вучыўся ў Гродзенскай мужчынскай гімназіі. Будучы гімназістам, так захапіўся ідэямі марксізму, што гэта стала важней вучобы і ў 1885 г. ён стварыў першы гродзенскі сацыял-дэмакратычны гурток і адразу ж трапіў пад таемны нагляд паліцыі.
Пасля гімназіі П. Шумаў накіраваўся ў Тэхналагічны Інстытут у Санкт-Пецярбург, дзе правучыўся ўсяго два гады (1892-1894 гг.). Менавіта тут Пётр першы раз сутыкнуўся з сацыялістычным рухам, пачаў актыўна працаваць у гуртках, нават некаторы час перахоўваў нелегальную студэнцкую бібліятэку.
У турэмнае зняволенне П. Шумаў упершыню трапіў у сваім родным горадзе, калі ў 1894 г. свядома далучыўся да гродзенскага рэвалюцыйнага гуртка. Гэта быў першы арышт Шумава, яму забаранілі пакідаць Гродна цягам трох гадоў, так што пра вучобу давялося забыць. Яго арыштоўвалі восем разоў, у гродзенскай турме ён правёў чатыры гады.
У 1904 г. Пётр Шумаў ажаніўся з Кэйлай (Кацярынай) Лапінай, сваёй памошніцай па змаганні, дачкой багатага ўладальніка гродзенскай тыпалітаграфіі Саламона Лапіна.
Прайшло ўсяго тры гады, і пасля няўдалай першай рускай рэвалюцыі 1905-1907 гг., пад рэальнай пагрозай ссылкі ў Сібір на катаргу, Пётр Шумаў парваў з рэвалюцыйнай дзейнасцю і эміграваў за мяжу разам з сям’ёй. Месцам жыхарства яны абралі Парыж.
Тут ён сустракае свайго знаёмага па рэвалюцыйным змаганні ў Гродне Яна Стружэцкага, які параіў П.Шумаву асвоіць модную ў той час фотасправу. Пётр Шумаў старанна і хутка прайшоў навучанне і рабіў здымкі з добрым густам. У 1911 г., валодаючы ўжо дастатковым вопытам, ён рашыўся на адкрыццё ўласнай фотамайстэрні.
Найважнейшым кліентам Пятра Шумава стаў знакаміты скульптар і мастак Аўгуст Радэн – адзін з творцаў і самых яскравых прадстаўнікоў імпрэсіянізма. Ад 1908 г. аж да смерці А.Радэна П.Шумаў зрабіў 149 здымкаў яго твораў і 58 прац, на якіх занатаваў вялікага француза ў розных сітуацыях.
1920-я гг. – самыя лепшыя для Пятра Шумава як фатографа. Ён эксперыментаваў са светам, прыдумваў новыя тэхналогіі фатаграфавання, адкрыў новую старонку ў гісторыі фатаграфіі. Многія лічылі за гонар зрабіць свой партрэт менавіта ў яго. У захапленні ад яго здымкаў былі Марк Шагал, Уладзімір Маякоўскі, Барыс Савінкаў, Марына Цвятаева, Альберт Эйнштэйн, Анатоль Франс.
Эканамічны крызіс 1929 г. вельмі негатыўна адбіўся на працы П. Шумава. Майстар вымушаны быў зачыніць сваю майстэрню. У 1934 г. разам з сям’ёю выехалі з Парыжа і пасяліліся ў Лодзі (Польша).
Пётр Шумаў рабіў вельмі добрыя рэпрадукцыі шэдэўраў французскага мастацтва, за што атрымаў бронзавы медаль Французскага таварыства фатографаў. У 1925 г. П. Шумаў стаў залатым медалістам мастацкай выставы ў Парыжы. Найбольшым прызнаннем ягоных заслуг у рэвалюцыйнай барацьбе стала ўзнагароджанне яго Крыжам Незалежнасці.
Памёр Пётр Шумаў 25 чэрвеня 1936 г. і пахаваны на евангелісцкіх могілках у Лодзі. Пасля смерці мужа Кейла Лапіна выехала ў Гродна і загінула ў гродзенскім гета падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Здымкі Пятра Шумава сёння захоўваюцца ў многіх музеях і рэкламных агенцтвах свету, дорага прадаюцца на аўкцыёнах антыкварыяту і цэняцца як сапраўдныя прадметы мастацтва.