Забэйда-Суміцкі Міхаіл Іванавіч
Забэйда-Суміцкі Міхаіл Іванавіч (14.6.1900, в. Несцяровічы Свіслацкага р-на – 21.12.1981, Прага), знакаміты артыст оперы (лірычны тэнар).
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля хатняй вучобы першай яго адукацыйнай установай стала аднакласная школа ў Зэльве, далей – царкоўна-прыходскае вучылішча ў Галоўчыцах, настаўніцкая семінарыя ў Маладзечна (1914-1918). У 1917 г. прымаў удзел у дэманстрацыях супраць цара. У 1918 г. скончыў семінарыю і паехаў у Сібір, куды эвакуіравалася маці. Там настаўнічаў, арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства. Падчас грамадзянскай вайны малады настаўнік апынуўся ў Маньчжурыі, настаўнічаў у Харбіне.
Музыку Міхал любіў з дзяцінства, часта спяваў разам з маці. Яшчэ малым хлапчуком іграў на мандаліне, гітары, губным гармоніку і скрыпцы.
Прафесійным спевам Міхал пачаў вучыцца ў 1922 г. у Харбіне ў Юліі Платніцкай, былой супрацоўніцы Шаляпіна, адначасова авалодваў ігрой на раялі, тэарэтычнымі дысцыплінамі. У гэты ж час вучыўся на эканамічным аддзяленні юрыдычнага факультэта Харбінскага ўніверсітэта. Паступіў на працу ў трупу Харбінскага опернага тэатра. Да 1932 г. праспяваў 15 вядучых партый у операх “Фауст” Ш. Гуно, “Травіята” Дж. Вэрдзі, “Севільскі цырульнік” Дж. Расіні, “Царская нявеста” М. Рымскага-Корсакава, “Русалка” А. Даргамыжскага, “Мадам Батэрфляй” Дж. Пучыні і інш. Жыў вельмі сціпла і зберагаў грошы на паездку ў Італію. У 1932 г. пераехаў у Мілан, каб удасканальваць сваё майстэрства.
У 1935 г. вяртаецца на радзіму. На сезон 1935-1936 гг. заключае кантракт з Пазнанскім оперным тэатрам. I хаця спявае вядучыя партыі ў операх “Выкраданне з Сераля” В. Моцарта, “Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага, “Юлій Цэзар” Г. Гендэля, адносіны дырэкцыі “не былі найлепшымі”, бо Забэйда быў беларусам.
У 1937 г. пераехаў у Варшаву, стаў салістам на радыё. У канцэртныя выступленні побач з класічным рэпертуарам і польскай музыкай уключаў беларускія народныя песні. Яго выступленні на Варшаўскім радыё трансліруюць Англія, Францыя, Чэхія, Амерыка. Спявак гастралюе па ўсёй Польшчы, у Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, а таксама ў беларускіх гарадах.
М. Забэйда быў настолькі выдатным спеваком, што тагачасныя польскія кампазітары лічылі за гонар, калі ён выконваў іх творы.
Дзякуючы падтрымцы кіраўнікоў Варшаўскага радыё, былі выпушчаны грампласцінкі з рэпертуарам М. Забэйды, у тым ліку з першым у Заходняй Беларусі запісам беларускіх народных песень “Малады дубочак”, “Чаму ж мне не пець”, “Як памёрла матулька” і інш. (усяго 10).
У 1940 г. спевака запрасілі на працу ў Нацыянальны тэатр у Празе. 12 кастрычніка адбыўся першы канцэрт, упершыню ў зале гучала беларуская песня. У час Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Празе. Выступаў з асобнымі канцэртамі на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Прыбалтыкі. У рэпертуар уключаў класіку, шмат народных песень розных рэгіёнаў, пераважна беларускіх, чэшскіх, украінскіх. Усё выконваў на памяць на мове арыгінала, спяваў на 16 мовах свету.
У пасляваенны час пачалася напружаная праца на радыё і ў канцэртах. Спяваў песні класічныя, народныя, партызанскія, шмат музыкі чэшскіх кампазітараў Дворжака, Новака, Сметаны. Першым выканаў творы савецкіх кампазітараў: рамансы Д. Шастаковіча, санеты Шэкспіра на музыку Д. Кабалеўскага, а таксама Хачатурана, Макравусава, Салаўёва-Сядога, беларускіх – М. Чуркіна, М. Аладава, Р. Пукста, А. Багатырова. Былі выпушчаны грампласцінкі з беларускімі народнымі песнямі, з запісамі на італьянскай мове, доўгаіграючыя – на беларускай і іспанскай мовах, з неапалітанскімі і індыйскімі песнямі і інш. Пласцінкі выходзілі ў Чэхаславакіі, Польшчы, Канадзе, вельмі хутка раскупляліся. За творчую і грамадскую дзейнасць М. Забэйда неаднаразова атрымліваў прэміі і падзякі чэшскіх урадавых арганізацый, музычнага фонду “за майстэрскае выкананне песень сучасных чэшскіх кампазітараў”, прадстаўляў музычнае мастацтва Чэхаславакіі на міжнародных форумах.
У 1963 г. спевака запрасілі ў Савецкі Саюз. Яго выступленні сталі аншлагавымі ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі, Гродна, Ваўкавыску, Лідзе, Слоніме, Баранавічах.
Міхал Забэйда-Суміцкі памёр у Празе 21 снежня 1981 г. Ён быў паспяховым спеваком, але, жывучы не на радзіме, заўсёды адчуваў сябе там чужым.