Баторый Стэфан
Баторый Стэфан (27.09.1533 - 12.12.1586), дзяржаўны дзеяч, палкаводзец, кароль польскі і вялікі князь літоўскі. Паходзіў са старажытнага венгерскага магнацкага роду ў Трансільваніі. Вучыўся ў Падуанскім універсітэце. У 1571-1576гг. - трансільванскі князь.
Пасля ўцёкаў караля Генрыха Валуа ў 1574 г. у Рэчы Паспалітай наступіў перыяд бескаралеўя. Баторый пры падтрымцы магнатаў Збароўскіх і іншых выставіў сваю кандыдатуру на польскі трон. Татарскі набег у 1575 г. на ўсходнія землі Рэчы Паспалітай штурхнуў сярэднепамесную шляхту да кандыдатуры C. Баторыя, з умовай, што ён ажэніцца з Ганнай Ягелонкай. У 1576 г. члены элекцыйнага сойма ВКЛ абвясцілі трансільванскага князя і караля Польшчы Стэфана Баторыя вялікім князем літоўскім. Ён правёў шэраг паспяховых аперацый, у выніку якіх вярнуў ВКЛ Полацк і Вялікія Лукі.
Баторый граматай ад 29.07.1576 г. прызнаў, што Польшча і ВКЛ з’яўляюцца раўнапраўнымі дзяржавамі ў складзе федэратыўнай дзяржавы, і агульныя соймы склікаліся па чарзе то ў Польшчы, то ў ВКЛ. Кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай адбываўся ў Гародні. Стэфан Баторый увайшоў у гісторыю як рашучы рэфарматар, мецэнат навукі і культуры. У 1579 г. адкрыў Віленскую акадэмію. Ён імкнуўся ўзмацніць дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай. Ажыццявіў вайсковую і судовую рэформы.
Ні адзін з каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх не ўдзяляў столькі ўвагі развіццю і ўмацаванню дабрабыту Гародні, як Баторый.
Яму належыць ініцыятыва стварэння езуіцкага калегіума ў Гародні. У 1576 г. Стэфан Баторый пацвердзіў усе ранейшыя прывілеі, падараваныя Гародні вялікімі князямі літоўскімі, выдаў прывілей для Гродзенскай саборнай Прачысценскай царквы. Мяшчанам Гародні былі дадзены выключныя правы на продаж солі. Стэфан Баторый аздобіў горад новымі пабудовамі. Апошнія некалькі гадоў жыў у Гародні, дзе рэканструяваў Стары замак пад новую каралеўскую рэзідэнцыю. Пазней тут прымаў пасольствы - рускае (1581г.) і англійскае (1584г.).
У снежні 1586 г. раптоўна памёр ад урэміі (анатаміраванне яго цела лічыцца першым такім медыцынскім актам, задакументаваным на тэрыторыі Усходняй Еўропы). У Гродне ён быў першапачаткова і пахаваны, але пазней яго труну перавезлі ў Кракаў і пахавалі на Вавелі.