Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Чэхаўскі Якуб Абрамавіч

Чэхаўскі Якуб Абрамавіч

Чэхаўскі Якуб Абрамавіч (30.12.1879, Гродна – 31.07.1941) – вядомы атлет-асілак. Вучыўся ў Гродзенскай мужчынскай класічнай гімназіі, дзе займаўся фізічнымі практыкаваннямі. Жаданнем развіваць у сабе сілу юны гімназіст Я.Чэхаўскі загарэўся, нагледзеўшыся выступленняў цыркавых атлетаў, якія часта гастралявалі ў горадзе. Якуб пастаянна хадзіў глядзець іх паядынкі, уяўляў сябе на арэне, старанна трэніраваўся. Ён чытаў міфы Старажытнай Грэцыі, захапляўся апавяданнямі аб легендарных асілках.

Дзякуючы рэгулярным заняткам з гірамі, юнак развіў незвычайную сілу, якую не раз дэманстраваў аднагодкам-гімназістам. Напрыклад, уздымаў на руках траіх сваіх таварышаў і круціў іх у своеасаблівай “каруселі”.

Слава пра асілка-гімназіста Я.Чэхаўскога разляцелася па ўсім Гродне. Родныя былі не супраць яго атлетычных практыкаванняў, аднак бацька вельмі хацеў, каб сын працягнуў спадчынную справу – ваенную службу. Пасля заканчэння гімназіі Якуб запісаўся вальнапісаным у Гродзенскі гусарскі полк, які ў той час размяшчаўся ў Варшаве, куды і пераехаў. Аднак кожную вольную хвіліну гусар Чэхаўскі выкарыстоўваў для трэніровак.

Пасля заканчэння службы ў славутым палку малады атлет канчаткова вырашыў прысвяціць сваё жыццё цырку, французскай барацьбе, цяжкай атлетыцы, прычым пачаць у родным горадзе – на арэне цырка братоў Яфімавых.

Дэбют Чэхаўскога ў Гродне пад псеўданімам Ічаджы прайшоў удала. Пачалося доўгае гастрольнае жыццё. Небывалай сілы атлет аб’ездзіў усю Расію, шмат разоў выступаў у Германіі, Францыі і іншых краінах.

Якуб Чэхаўскі быў адным з лепшых барцоў свайго часу. Ён пераможна выступаў у шматлікіх чэмпіянатах па французскай барацьбе, але сусветную славу набыў як непераўзыдзены майстар у сілавых практыкаваннях з жывой вагой, дзе яму сапраўды не было роўных. Ён утрымліваў на грудзях памост, на якім размяшчаўся духавы аркестр з 30 музыкаў, або па якім праязджалі па чарзе тры грузавыя аўтамабілі, у становішчы барцоўскага моста мог утрымліаць на сабе 10 чалавек, а падкідваючы пудовыя гіры, лавіў іх на грудзі.

Асабліва праславіўся на выступленні ў 1913 годзе ў Пецярбургу, выканаўшы трук, які пасля яго не ўдалося паўтарыць ніводнаму атлету свету: на адной выцянутай руцэ па крузе пранёс шэсць салдат гвардзейскага палка. Быў узнагароджаны прызам “Ганаровы залаты пояс”.

Якуб Чэхаўскі карыстаўся выключнай павагай у асяроддзі прафесіяналаў. У лютым 1918-га ён быў абраны віцэ-старшынёй Усерасійскага саюза барцоў-атлетаў. У маі таго ж года разам з іншымі прафесійнымі атлетамі заснаваў спартыўны часопіс “Барэц-атлет”. Ён выхаваў нямала добрых атлетаў, якія выступалі на памосце і дыване.

Свае выступленні знакаміты атлет Я.Чэхаўскі працягваў да 1937 года. Пасля сыходу на адпачынак пражыў нядоўга, памёр у ліпені 1941 года.

Магіла Якуба Чэхаўскога знаходзіцца ў Пецярбургу на Серафімаўскіх могілках.