Карскі Яўхім Фёдаравіч
Карскі Яўхім Фёдаравіч (20.12.1860 (01.01.1861 па новым стылі), в.Лаша Гродзенскага р-на – 29.4.1931), першы беларускі акадэмік, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, філолаг-славіст, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акадэмік Пецярбургскай АН (1916, член-карэспандэнт з 1901 г.), прафесар, дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта і рэктар Імператарскага Варшаўскага ўніверсітэта, правадзейны член Інстытута беларускай культуры (1922), Чэшскай АН (1929), ганаровы член Віцебскай губернскай вучонай архіўнай камісіі.
Нарадзіўся ў мнагадзетнай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Ятранскім народным вучылішчы. На вучобу ў гімназіі не было сродкаў, таму паступіў у Мінскае духоўнае вучылішча, а потым – у семінарыю. У семінарскія часы даваў прыватныя ўрокі, каб матэрыяльна дапамагчы сям’і. Пасля заканчэння вучобы ў семінарыі (1881), паступіў на казённы кошт у Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут на Украіне. Пасля бліскучага заканчэння інстытута (1885) уладкаваўся на працу ў Вільні, дзе на працягу 8 гадоў выкладаў рускую і стараславянскую мовы, а таксама рускую літаратуру ў 2-й Віленскай гімназіі. У 1891 годзе здаў у Варшаве магістарскі экзамен, а праз 2 гады Савет Кіеўскага ўніверсітэта прысудзіў яму за даследаванні беларускай мовы вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці (гэта была першая ў гісторыі дысертацыя па беларускай мове).
У 1893 годзе Я. Карскі перабраўся ў Варшаву і надоўга звязаў свой лёс з Імператарскім Варшаўскім універсітэтам: спачатку працаваў выкладчыкам-лектарам, з 1894 года – экстраардынарны (з 1897 ардынарны) прафесар кафедры рускай і славянскай мовы і рускай літаратуры. За працы ў беларусазнаўстве ў 1894 годзе ўзнагароджаны вялікім залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. У 1896 годзе за даследаванне “Заходнерускія пераклады псалтыра ў XV— XVII ст.” савет Маскоўскага ўніверсітэта прысудзіў яму вучоную ступень доктара філалогіі. Ён быў абраны членам Археаграфічнай камісіі Маскоўскага археалагічнага таварыства, членам-карэспандэнтам Таварыства аматараў старажытнага пісьменства (1898). У 1901 годзе за працы ў галіне палеаграфіі Пецярбургская АН узнагародзіла яго малой Ламаносаўскай прэміяй.
У 1905 годзе ён узначаліў найбольш буйны філалагічны часопіс тагачаснай Расіі – “Русский филологический вестник”, дзе змясціў шмат сваіх навуковых прац і бібліяграфічных матэрыялаў. У гэтым жа годзе стаў першым выбраным рэктарам Імператарскага Варшаўскага ўніверсітэта. У 1908 годзе пераабраны на новы тэрмін, але ў 1910 годзе адмовіўся ад гэтай пасады ў знак пратэсту супраць самавольства міністра Касо.
У 1915-1916 гг. працаваў у Растове-на Доне, куды быў эвакуіраваны Варшаўскі ўніверсітэт, а пасля выбрання правадзейным членам Акадэміі навук (1916) пераехаў у Петраград. У 1917 г. стаў парфесарам Петраградскага ўніверсітэта.
Потым жыў у Мінску, дзе яго застала польская акупацыя. У снежні 1919 года пабываў у Варшаве, адкуль перавёз у Мінск сваю бібліятэку, якую пазней перадаў Беларускаму ўніверсітэту.
Пасля вызвалення Мінска (ліпень 1920) вярнуўся ў Петраград, дзе стаў адным з арганізатараў акадэмічнай навукі. Ён быў членам Праўлення і Прэзідыума АН, дырэктарам Музея антрапалогіі і этнаграфіі, старшынёй Слоўнікавай камісіі, Камісіі па рускай мове, членам камісіі “Навука і навуковыя работнікі”, рэдактарам часопіса “Известия ОРЯС” (з 1928 “Известия по ОРЯС”) Акадэміі навук, членам акадэмічнага Рэдакцыйна-выдавецкага савета, прафесарам філалагічнага факультэта Петраградскага (Ленінградскага) ўніверсітэта, супрацоўнікам універсітэцкага Навукова-даследчага інстытута.
Я. Карскі шмат зрабіў у гэты перыяд для пашырэння міжнародных сувязей савецкай славістычнай навукі, быў дэлегатам 1-га міжнароднага з'езда славянскіх географаў і этнографаў у Празе (1924), выбіраўся ганаровым членам Таварыства аматараў расійскай славеснасці (1925), Таварыства пісьменства і мастацтва ў Ленінградзе (1927).
Я.Ф.Карскі ўнёс вялікі ўклад у беларускую і рускую філалагічную навуку.
Ужо ў студэнцкія гады выявіў схільнасць да навуковай творчасці. Тады ж надрукаваў першыя свае навуковыя працы (рэцэнзіі, фальклорныя запісы з в.Бярозавец) і прыступіў да задуманага яшчэ ў 1881 г. манаграфічнага даследавання роднай беларускай мовы, у выніку чаго з'явілася яго праца “Агляд гукаў і форм беларускай мовы”, якая адыграла важную ролю як у творчай біяграфіі даследчыка, так і ў станаўленні беларускай нацыянальнай культуры.
Даследаваў палеаграфію, гісторыю беларускай мовы, дыялекталогію, этнаграфію, вусную народную творчасць, старажытную і сучасную беларускую літаратуру. Сапраўднай энцыклапедыяй беларусазнаўства стала фундаментальная трохтомная праца “Беларусы” (у 7 вып.; 1903-1922), у якой на аснове глыбокага параўнальна-гістарычнага даследавання гісторыі мовы, фальклору, пісьменнасці, шматвяковай культуры беларускага народа ўпершыню была навукова абгрунтавана яго нацыянальная самабытнасць як самастойнага славянскага народа. Аўтар грунтоўных даследаванняў “Славянская кірылаўская палеаграфія”, “Руская праўда” паводле старажытнага спісу і інш. Пад яго рэдакцыяй выйшлі навуковыя выданні каштоўных помнікаў пісьменства і культуры ў “Поўным зборы рускіх летапісаў” (“Аповесць мінулых гадоў”, Суздальскі летапіс).
Асобна трэба адзначыць уклад Я. Карскага ў арганізацыю навукі ў Беларусі і развіццё беларускай культуры. Яшчэ ў дарэвалюцыйны час ён склаў праграму вывучэння беларускай мовы, супрацоўнічаў з П. Шэйнам, М. Нікіфароўскім, Е. Раманавым, падтрымліваў першыя беларускія выдавецтвы, “Нашу ніву” і навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. У савецкі час быў старшынёй камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, правадзейным членам Інбелкульта (удзельнічаў у распрацоўцы яго статута).
На працягу 48 гадоў навуковай дзейнасці Я.Карскім было напісана звыш 96 кніг, 149 артыкулаў і 777 водгукаў, анатацый, крытыка-бібліяграфічных артыкулаў. Усяго напісана акадэмікам Карскім 1016 прац.
Ацалелая частка асабістага архіва Я. Карскага захоўваецца ў Санкт-Пецярбургскім аддзяленні Архіва Расійскай АН. Бібліятэка, перададзеная ў 1922 годзе БДУ, зберагаецца асобнай калекцыяй у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (у гады Вялікай Айчыннай вайны часткова страчана).
29 красавіка 1931 года Я.Карскі памёр і быў пахаваны на Смаленскіх праваслаўных могілках у Ленінградзе.
1 снежня 1964 г. у Лашанскай школе быў адкрыты мемарыяльны музей Я.Карскага.
3 1957 г. Гродзенская абласная навуковая бібліятэка носіць імя Я.Ф.Карскага, з 2005 г. – Гродзенская гарадская гімназія, у якой дзейнічае тэматычны музей Я.Карскага.
Адна з вуліц г.Гродна названа ў гонар Я.Карскага.