Міцкевіч Адам
Міцкевіч Адам (24.12.1798, фальварак Завоссе Навагрудскага пав. Літоўскай губ., зараз Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. – 26.11.1855), класік польскай літаратуры беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Навагрудку.
Праз два гады пасля нараджэння Адама сям’я Міцкевічаў перабралася ў Навагрудак, дзе хлопчык скончыў павятовую дамініканскую школу. У 1815 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Разам з аднадумцамі стварыў саюз філаматаў. Таварыства першапачаткова ставіла культурна-асветніцкія мэты, але пазней наладзіла сувязь з будучымі дзекабрыстамі.
Перыядам інтэнсіўнай літаратурнай вучобы сталі 1817-1819 гг., звязаныя з пачаткам яго філамацкай дзейнасці. Пад уплывам беларускага фальклору і заснаваных на ім балад Я. Чачота А. Міцкевіч становіцца на шлях рамантызму. Немалаважную ролю ў гэтым адыграла каханне да Марылі Верашчакі. Так з’явіліся балады “Свіцязь”, “Свіцязянка”, “Рыбка” і інш., што ўвайшлі ў першы том твораў паэта “Балады і рамансы” (1822). Другі том твораў А. Міцкевіча выйшаў у 1823 г. і складаўся з дзвюх паэм — “Гражына” і “Дзяды”.
Пасля заканчэння ўніверсітэта А. Міцкевіч быў накіраваны настаўнікам у Коўна. У 1823 г. яго арыштавалі па справе філаматаў і філарэтаў і кінулі ў базыльянскія муры ў Вільні. Праз некалькі месяцаў зняволення Міцкевіч быў высланы “ў аддаленыя ад Польшчы губерні”. З кастрычніка 1824 г. пачаўся перыяд яго ссылкі. Жыў у Пецярбургу, адкуль быў накіраваны настаўнікам у Адэскі ліцэй. Тут з’явіліся бліскучыя цыклы санетаў і былі зроблены першыя накіды паэмы “Конрад Валенрод”. У 1825 г. А. Міцкевіч атрымаў дазвол на пераезд з Адэсы ў Маскву, дзе выдаў трэцюю па ліку кнігу — “Санеты” (1826). У 1828 г. А. Міцкевіч пераехаў жыць у Санкт-Пецярбург, дзе выйшла ў свет яго паэма “Конрад Валенрод.”
У 1829 г. паэт назаўсёды пакінуў Расію. У 1832 г. паэт апынуўся ў Парыжы. Тут ён апублікаваў свой самы значны мастацкі твор, вялікую нацыянальную эпапею – паэму “Пан Тадэвуш” (1834). У 1839 г. А. Міцкевіч стаў прафесарам лацінскай літаратуры Лазанскага ўніверсітэта ў Швейцарыі, а праз год перайшоў у Калеж дэ Франс у Парыжы на пасаду загадчыка кафедры славянскай літаратуры, дзе на працягу 1840-1844 гг. чытаў курс лекцый аб гісторыі і культуры ВКЛ і Рэчы Паспалітай. У 1835-1836 гг. А. Міцкевіч напісаў на французскай мове п’есу “Барскія канфедэраты” і пачаў другую – “Якуб Ясінскі, або Дзве Польшчы”.
З вялікім спадзяваннем сустрэў паэт рэвалюцыю 1848 г. у Заходняй Еўропе. У Рыме ствараў польскія легіёны для падтрымкі руху карбанарыяў. У Парыжы заснаваў інтэрнацыянальную газету “Трыбуна народаў”, у якой друкаваліся выступленні ў абарону прыгнечаных народаў. У 1855 г. накіраваўся ў Стамбул. Турцыя ў той час ваявала з Расіяй, і А. Міцкевіч збіраўся арганізаваць там польскія легіёны. Свой намер ён не паспеў здзейсніць, бо раптоўна памёр у Канстанцінопалі, дзе і быў пахаваны. Пры першай магчымасці астанкі паэта перавезлі ў Парыж, а ў 1890 г. — у Кракаў і захавалі ў асобнай нішы Вавельскага замка.