Кныш Рэнальд Іванавіч
Кныш Рэнальд Іванавіч (10.09.1931 – 19.04.2019, Гродна) – заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь (1960 г.), заслужаны трэнер СССР (1964 г.), заслужаны дзеяч фізічнай культуры і спорту Беларусі (1971 г.).
Нарадзіўся 10 верасня 1931 г. у горадзе Копыль Мінскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Пэўны час жылі ў вёсцы Старая Руда Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Рэнальду было дзесяць гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. У чэрвені 1941 г. сям’я эвакуіравалася ў Арэнбургскую вобласць, а ў канцы 1944 г. пасяліліся ў Гродне.
Рэнальд Кныш пачаў займацца гімнастыкай яшчэ ў школе. І ўжо праз пару год вучань СШ №1 г. Гродна стаў абсалютным чэмпіёнам рэспублікі па спартыўнай гімнастыцы сярод юнакоў (1949 г.).
Паступіў у Гродзенскі педінстытут на фізіка-матэматычны факультэт (1950-1951 гг.), дзе правучыўся толькі год. Калі зразумеў, што прафесія школьнага настаўніка яго не прываблівае, перавёўся ў Беларускі інстытут фізічнай культуры (1951-1955 гг.).
Марыў стаць чэмпіёнам свету, але захварэў, і прыйшлося таленавітаму гімнасту вярнуцца ў сваю спартыўную школу ў якасці трэнера (1953 г.). Рэнальд Кныш выхаваў першую гродзенскую алімпійскую чэмпіёнку Алену Валчэцкую, чэмпіёнку СССР Тамару Аляксееву, чатырохразовую алімпійскую чэмпіёнку, двухразовага сярэбранага прызёра Вольгу Корбут, дзесяткі майстроў спорту.
За час трэнерскай працы Р. Кныш вынайшаў каля 30 новых элементаў у гімнастыцы, распрацаваў методыку падрыхтоўкі алімпійскіх чэмпіёнаў, якую апісаў у кнізе-дапаможніку “Як рабіць алімпійскіх чэмпіёнаў”.
Па яго ініцыятыве была пабудавана гімнастычная зала (зараз гэта вучэбна-спартыўная ўстанова “Гродзенская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву № 3”), з’явіліся інтэрнат і пансіянат для гімнастак, былі адкрыты некалькі школ гімнастыкі.
Пасля Маскоўскай Алімпіяды (1980 г.) пакінуў гімнастыку і з'ехаў з Гродна. Жыў у Мінеральных Водах, Таліне, Калінінградзе. У 1989 г. вярнуўся ў горад над Неманам.
Рэнальд Іванавіч быў вельмі творчым чалавекам: пісаў вершы, ствараў велізарныя палотны-рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў. Ён – аўтар пяці кніг.
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971 г.), шасцю ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У 1972 г. за вялікі асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту, падрыхтоўку спартсменаў высокага класа, высокакваліфікаваных трэнераў-выкладчыкаў і сацыяльна-культурнае развіццё горада Гродна атрымаў званне “Ганаровы грамадзянін горада Гродна”.