Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Шырма Рыгор Раманавіч

Шырма Рыгор Раманавіч

Шырма Рыгор Раманавіч (20.01.1892 - 23.03.1978), беларускі харавы дырыжор, фалькларыст, музычны і грамадскі дзеяч. Народны артыст Беларусі і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. У 1926 – 1937, 1944 -1952 гг. яго дзейнасць звязана з Гродзеншчынай.

Культурную прастору нашай краіны немагчыма ўявіць без постаці Рыгора Раманавіча Шырмы – патрыярха беларускай песні, музыканта-мастака. Нарадзіўся ён у в. Шакуны непадалёку ад Пружан. Беднае дзяцінства праходзіла ў працы і сялянскіх клопатах. У 1905 г. дванаццацігадовым хлопчыкам паступіў у Пружанскае гарадское вучылішча, потым была вучоба на Свянцянскіх настаўніцкіх курсах, на літаратурным факультэце ў Седлецкім настаўніцкім інстытуце (Польшча). Захапленне народнай беларускай песняй пачалося ў раннім дзяцінстве, а ў час вучобы і настаўніцкай працы пачаў запісваць народныя песні, паданні.

3 1922 г. пачаўся яго шлях як харавога дырыжора. У Пружанах арганізаваў хор, які набыў вядомасць у Заходняй Беларусі. У 1926 г. пераехаў у Вільню, дзе стаў стваральнікам і кіраўніком Хору Беларускага студэнцкага саюза.

Шмат гадоў Р.Шырма працаваў сакратаром Галоўнай управы Таварыства беларускай школы (ТБШ), дабіваўся ад польскіх улад дазволу на права навучання на роднай мове. Быў арганізатарам і выдаўцом друкаванага часопіса “Беларускі летапіс” (орган ТБШ), які выходзіў у Вільні ў 1933-1939 гг. Пры яго кіраўніцтве ТБШ стала масавай і патрыятычнай арганізацыяй, пэўна таму яе кіраўніка некалькі разоў арыштоўвалі і кідалі ў камеры турмы “Лукішкі”, не пазбег ён ганенняў і з боку органаў НКУС (больш за год адсядзеў на Лубянцы). Аднак Рыгор Раманавіч нідзе і ніколі не спыняў сваёй дзейнасці. Праводзіў культурна-асветніцкую і літаратурна-публіцыстычную работу, садзейнічаў станаўленню заходнебеларускай рэвалюцыйнай літаратуры, падтрымліваючы маладых паэтаў М. Васілька, В. Таўлая, С. Крыўца, за ўласны кошт надрукаваў зборнік вершаў “На этапах” М. Танка.

Шырока разгарнулася творчая дзейнасць Р. Шырмы пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Ён збіраў і апрацоўваў народныя песні, стаў дырыжорам і кіраўніком Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца (з 1955 г. – Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР). У канцы 1940 г. калектыў з вялікім поспехам выступіў у Мінску, а ў 1941 г. – на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. Слухачы ўпершыню пачулі цудоўныя беларускія народныя песні “А ў полі вярба”, “Ці ня быстрая рэчка”, “Ой, у садочку цвіла лілея”, “Там, за садамі”, “Ой, выйшла маці” і інш.

У 1944-1952 гг. Р. Шырма з харавым калектывам плённа працуе ў Гродна. Шмат сіл і энергіі аддаў дырыжор харавой капэле, якая з 1978 г. носіць яго імя. Творчая праца калектыву – гэта цэлая эпоха беларускага музычнага мастацтва.

На працягу ўсяго жыцця Р. Шырма займаўся даследаваннем фальклору. Ён запісаў больш за 2000 народных песень, якія сабраны ў чатырох тамах зборніка “Беларускія народныя песні” (1959-1976) і інш. выданнях.

Рыгор Раманавіч – лаўрэат Дзяржаўных прэмій Беларусі (1966, 1974; за стварэнне канцэртных праграм і збіральніцка-фалькларыстычную дзейнасць). Ён пакінуў багатую публіцыстычную спадчыну, лепшыя ўзоры якой прадстаўлены ў кнізе “Песня – душа народа” (1976, 2-е выд. 1993), дзе былі сабраны артыкулы і рэцэнзіі, апублікаваныя на працягу 45 гадоў. 3 1966 г. і да канца жыцця Р. Шырма быў старшынёй праўлення Саюза кампазітараў Беларусі і сакратаром праўлення Саюза кампазітараў СССР. У 1977 г. агрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Рыгор Раманавіч Шырма ўзнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, балгарскім ордэнам Кірылы і Мяфодзія II ступені, медалямі.