Гашкевіч Іосіф Антонавіч
Гашкевіч Іосіф Антонавіч (1815 – 15.5.1875), дыпламат, першы расійскі консул у Японіі, вучоны-мовазнавец, даследчык Японіі і Кітая, натураліст, арыенталіст. З 1867 г. жыў у маёнтку Малі Астравецкага р-на.
У гісторыі ўсходазнаўства вядома шмат выдатных вучоных, якія пакінулі яркі глыбокі след у айчыннай і сусветнай культуры. Вялікі ўклад у вывучэнне Далёкага Усходу зрабіў уражэнец Беларусі Іосіф Антонавіч Гашкевіч.
Нарадзіўся ён у сям'і небагатага сельскага святара. Пасля заканчэння царкоўна-прыходскай школы адукацыю працягваў у Мінскай духоўнай семінарыі. У ліку двух лепшых выпускнікоў быў накіраваны на вучобу ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, якую скончыў у 1839 г., атрымаў званне магістра багаслоўя, але святарскага сану не прыняў і ў якасці перакладчыка быў залічаны ў склад Рускай духоўнай місіі ў Пекіне.
У Кітаі I. А. Гашкевіч правёў дзесяць гадоў. Ён даследаваў культуру гэтай краіны, вывучаў карэйскую, японскую, маньчжурскую і кітайскую мовы. З’яўляючыся апантаным аматарам прыроды і калекцыянерам, сабраў багаты энтамалагічны матэрыял. Яго ўнікальная калекцыя насякомых захоўваецца ў Заалагічным музеі Заалагічнага інстытута Расійскай акадэміі навук. Вялікую каштоўнасць прадстаўлялі астранамічныя і метэаралагічныя справаздачы, якія вучоны адпраўляў у Галоўную астранамічную (Пулкаўскую) абсерваторыю. Сабраныя ў Кітаі матэрыялы паслужылі падставай для серыі публікацый у пецярбургскіх навуковых зборніках, сярод іх - артыкулы “О шелководстве”, “Императорское, или благовонное, пшено (скороспелое) юй-дао-ми, сень-дао-ми”, “Хонкон (Гонконг), из записок русского путешественннка” і інш. Асобны артыкул даследчык прысвяціў гісторыі і тэхналогіі вырабу тушы, румян і бяліл. Навуковы свет высока ацаніў працы I. А. Гашкевіча.
Пасля вяртання з Кітая вучоны некалькі гадоў працаваў у Міністэрстве замежных спраў Расійскай Імперыі. У 1852 г. у Пецярбургу фарміравалася дыпламатычная місія ў Японію пад кіраўніцтвам адмірала Я. В. Пуцяціна. Са згоды імператара Мікалая I у яе склад быў уключаны I. А. Гашкевіч (бадай, адзіны на той час знавец японскай мовы). Дыпламатам неабходна было вырашыць шэраг складаных задач: адкрыць японскія парты, заключыць дагавор аб сяброўстве і гандлі, узгадніць пытанне аб мяжы паміж краінамі. Дзесяць месяцаў спатрэбілася экспедыцыі, каб дасягнуць берагоў Японіі. Фрэгат “Палада”, на якім здзяйснялася падарожжа, пабываў у партах Еўропы, Азіі, Афрыкі.
Японцы ўспрынялі візіт рускіх дыпламатаў насцярожана, і перагаворы зацягнуліся. Толькі ў 1855 г. быў заключаны першы руска-японскі дагавор, які стаў пачаткам афіцыйных міждзяржаўных адносін. У яго падпісанні прыняў актыўны ўдзел I. А. Гашкевіч. За гады, праведзеныя ў экспедыцыі Я. В. ІІуцяціна, ён выканаў вялікі аб’ём навукова-даследчых работ: назіраў за раслінамі і жывёламі, займаўся геалогіяй, склаў карту бухт, заліваў і астравоў усходняга берага Карэі і інш.
У 1858 г. I. А. Гашкевіч быў прызначаны першым расійскім консулам у Японію. Консульства размясцілася на поўначы краіны ў г. Хакадатэ (востраў Хакайда). Навукова-асветніцкая і дыпламатычная дзейнасць Іосіфа Антонавіча была скіравана на тое, каб далучыць японцаў да еўрапейскай культуры. Чалавек усебакова адукаваны, ён з’яўляўся сапраўдным правадніком славянства ў гэтай краіне. Пад кіраўніцтвам I. А. Гашкевіча служачыя пасольства навучылі японцаў шыць еўрапейскае адзенне, фатаграфаваць, выпякаць хлеб, гатаваць малочныя прадукты і саленні; пазнаёмілі з асновамі мараплавання, суднабудавання, фартыфікацыі і артылерыі, медыцыны. Важнае значэнне надаваў ён распаўсюджванню ў Японіі рускай мовы. 3 гэтай мэтай у Хакадатэ была створана консульская школа, дзе навучалася да дзесяці японскіх хлопчыкаў. Руская школа існавала таксама ў г. Нагасакі. Каб палепшьшь авалоданне мовай, I. В. Махаў (дыякан консульства) склаў руска-японскую азбуку.
Першы расійскі консул вярнуўся ў Пецярбург у 1865 г.: з 50 гадоў жыцця 24 былі праведзены ў чужых краінах. Спачатку ён служыў у Міністэрстве замежных спраў Расійскай Імперыі, потым па стане здароўя выйшаў у адстаўку. Набыў невялікі маёнтак Малі ў Віленскай губерні (цяпер Астравецкі раён), дзе працягваў займацца ўсходняй філалогіяй: напісаў фундаментальную працу “О корнях японского языка”, якая была выдадзена ў Вільні ў 1899 г. Вучоны пакінуў пасля сябе багатую навуковую спадчыну: работы па японазнаўстве, калекцыі і гербарыі, унікальную бібліятэку, што ўключае больш за 1340 ксілагравюр і старадрукаў, 47 лістоў геаграфічных карт (захоўваецца ў фондах Інстытута ўсходазнаўства Расійскай акадэміі навук).
Уклад I. А. Гашкевіча ў справу збліжэння Расіі і Японіі цяжка ацаніць. У гэтай краіне і сёння ўшаноўваецца памяць пра першага рускага консула: у Хакадатэ пастаўлены помнік, працуе музей вучонага.
Імя I. А. Гашкевіча ўвекавечана на геаграфічнай карце свету: у гонар дыпламата названы заліў у Паўночнай Карэі. Не забыты даследчык і ў Беларусі. Існуе таварыства “Памяць пра I. А. Гашкевіча”, створаны японска-беларуска-рускі фонд. У в. Малі ўстаноўлены памятны знак, адна з вуліц Мінска названа яго імем, а ў г. Астраўцы ў 1994 г. узведзены помнік.
Імя славутага сына Беларусі ўключана ў спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2014-2015 гг .