Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Самсонава Антаніна Яфімаўна

Самсонава Антаніна Яфімаўна

Самсонава Антаніна Яфімаўна (07.05.1876, Санкт-Пецярбург – пасля 1959, Гродна) – дызайнер жаночай вопраткі, фотамадэль.

Нарадзілася будучая фотамадэль 7 мая 1876 г. у Санкт-Пецярбургу. Яе бацька Яфім Грачоў быў вядомым селекцыянерам, сябрам Парыжскай акадэміі сельскай гаспадаркі, прамысловасці і гандлю. Апроч таго, з’яўляўся спадчыным ганаровым грамадзянінам Санкт-Пецярбурга.

Сям’я Грачовых шмат вандравала. Часта яны бывалі ў Парыжы, які з’яўляўся адным з іх любімых гарадоў.

Пасля заканчэння вучобы Антаніна выйшла замуж за афіцэра царскай арміі Івана Самсонава. У хуткім часе Самсонава накіравалі на службу ў Гродна.

У Гродне Антаніна Самсонава распачала актыўную творчую і адначасова прадпрымальніцкую дзейнасць. Яна займалася дызайнам і пашывам жаночай вопраткі, таксама працавала фотамадэллю, рэкламавала прадыкцую замежных фірмаў.

Самсонавы з’яўляліся ўладальнікамі загараднага маёнтка Фолюш, які яны выкупілі ў О’Брыенаў дэ Ласі. На беразе ракі Ласасянкі знаходзіўся іх двухпавярховы дом. У 1913 г. ваеннае ведамства выкупіла маёнтак у Самсонавых для размяшчэння войск будучай Гродзенскай крэпасці, якая будавалася вакол горада і з гэтага пачалася гісторыя ваеннага гарадка на Фолюшы.

Падчас Першай сусветнай вайны Антаніна Самсонава скончыла курсы медыцынскіх сясцёр і працавала ў добраахвотным санітарным атрадзе Гродзенскай крэпасці. З набліжэннем фронта, летам 1915 г. сям’я Самсонавых эвакуавалася ў Пскоў.

Падчас рэвалюцыйных падзей вясны 1917 г. у Пскове быў забіты Іван Самсонаў. Антаніна вярнулася ў Гродна разам з дачкой Валянцінай. Тут яна другі раз выйшла замуж за афіцэра Сяргея фон Гоерца. Жылі яны ў раёне Новы свет – на вуліцы Мядовай у драўляным будынку ў стылі канструктывізму. Фон Гоерц валодаў кіёскам, у якім гандлявалі тытунем, газетамі і цукеркамі. Антаніна ўтрымлівала атэлье па пашыву жаночых сукенак і працягвала займацца дызайнам жаночай вопраткі.

У 1935 г. з прычыны хваробы памёр другі муж Антаніны. У 1939 – 1941 гг. яна працавала мастаком-інструктарам пры Гродзенскім гарпрамкамбінаце, дзе распрацоўвала макеты этыкетак і рэкламу мясцовай прадукцыі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Гродне, знаходзілася на ўтрыманні дачкі.

Пасля вайны А.Самсонава працавала загадчыцай мастацкай майстэрні. Але ў хуткім часе яе арыштавалі, памылкова палічыўшы жонкай генерала царскай арміі Аляксандра Самсонава, таго самага, які загінуў са сваёй арміяй ў лясах Усходняй Прусіі ў першыя ваенныя тыдні 1914 года. На той момант ёй было каля 70 гадоў. На волю Антаніна выйшла праз год і чатыры месяцы. Яе сваякі з’ехалі з горада за мяжу. Яна засталася адна з падарваным здароўем.

Памерла Антаніна Самсонава ў поўнай галечы, забытая, у сваім драўляным доме, дзе за ёй захаваўся невялікі кут.

Пахавана ў Гродне на могілках па вуліцы Антонава.