Немен Чэслаў
Немен Чэслаў (сапр. Выджыцкі Чэслаў Юліуш; 16.2.1939, в.Старыя Васілішкі Шчучынскага р-на - 17.1.2004), знакаміты польскі спявак, кампазітар, інструменталіст. Першы выканаўца польскай папулярнай музыкі.
3 дзяцінства яго акружала музыка. Ужо ў школе Чэслаў спяваў у дзіцячым хоры, потым паступіў у Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча.
“Увогуле, – расказваў Ч. Немен у адным са сваіх інтэрв’ю, – у нас у вёсцы выдатна спявалі. Гэта для мяне адзін з лепшых успамінаў. У лесе, у полі, якія цудоўныя чуў песні. А яшчэ Нёман! Незабыўныя прагулкі ля дарагой майму сэрцу ракі. Ад яе і маё артыстычнае імя”.
У 1958 г. сям’я Выджыцкіх пераязджае ў Польшчу. Чэслаў паступае ў музычны ліцэй г. Гданьск. Ён пачаў актыўна ўдзельнічаць як вакаліст у мастацкай самадзейнасці. У 1962 г. становіцца лаўрэатам фестывалю маладых талентаў у Шчэціне і неўзабаве пасля гэтага – салістам эстраднай групы “Небеска-Чарні”. У гэтай групе ён працуе на працягу чатырох гадоў, спрабуе сябе ў якасці аўтара песень. Група карысталася поспехам як у Польшчы, так і за яе межамі і нават выступала ў парыжскай “Алімпіі”. Менавіта ў гэты перыяд Выджыцкі ўзяў сабе псеўданім Немен (у гонар ракі Нёман, на якой ён вырас).
Першае прызнанне прыйшло да артыста ў 1964 г., калі Марлен Дзітрых запісала нямецкую версію яго песні “Czy mnie jeszcze pamientasz?”.
У 1966 г. Чэслаў пачаў складаць матэрыял у духу соўл, а для радыёпраграм запісаў некалькі рускіх народных песень. Арганізаваў свой калектыў – “Акварэле”. 3 ім запісвае самую вядомую песню ранняга перыяду “Дзіўны гэты свет”. Музыка і вакальная манера ў тыя гады была зарыентавана на негрыцянскі блюз. Але выразна адчуваўся ўплыў фальклору.
У 1969 г. музыкант арганізаваў гурт “Немен Энігмацік”, потым “Немен”, і “Немен Аэраліт”.
Ч. Немен дабіваўся поспехаў на міжнародных фестывалях у Францыі, Германіі, Італіі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Швейцарыі.
З 1975 г. апроч песень Ч. Немен пачынае пісаць музыку для тэатра і кіно. Ён аўтар і выканаўца музыкі і песень да спектакляў, кінафільмаў, у т.л. “Гульня” Е. Каваляровіча, “Выйшаў у ясны, пагодны дзень” К. Вайцяхоўскага, “Вяселле” А. Вайды.
На хвалі прызнання ўжо ў верасні 1979 г. Чэслаў Немен наведаў родныя Старыя Васілішкі.
“Мой шлях у мастацтве, — гаварыў спявак, — гэта не простае ўзыходжанне да вышынь майстэрства. Я памыляўся, разбіваў лоб, пераймаў, спяваў шлягеры, карацей кажучы, шарахаўся ад аднаго да другога, пакуль не зразумеў, што шукаў занадта далёка. Я родам з Беларусі, з дзяцінства мне ўвайшлі ў душу непаўторныя мелодыі, якія перадаваліся народам з пакалення ў пакаленне, як найвышэйшая каштоўнасць. I вось, перахварэўшы ўсімі навамоднымі плынямі, я прыйшоў да народных мелодый, да славянскага фальклору. Гэта якраз тая чыстая крыніца, да якой трэба прыпадаць кожны раз, калі хочаш, каб твая творчасць хвалявала”.