Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Юзафовіч-Бароўская Багуміла

Юзафовіч-Бароўская Багуміла

Багуміла (Тэафілія) Юзафовіч-Бароўская (1828, Гродна – 1865) – вядомая ў свой час скрыпачка.

Нарадзілася ў сям’і Юзафовічаў з Гродна. Яе бацькі рана пайшлі з жыцця, і яе выхаваннем займаўся старэйшы брат. Менавіта ён пачаў вучыць Багумілу іграць на скрыпцы, бо дзяўчынка мела абсалютны слых і выдатныя музычныя здольнасці. Потым Багуміла брала ўрокі ў гродзенскага скрыпача-аматара П. Звіровіча, дзякуючы фінансавай падтрымцы спадароў Баранкевічаў.

Калі Багуміле было ўсяго сем гадоў, у яе жыцці адбылася важная падзея – яе запрасіў выступаць у сваім канцэрце вядомы ў тыя часы віленскі скрыпач Ігнацы Рэут, уражаны поспехамі адоранага дзіцяці. Гэты канцэрт адбыўся ў сакавіку 1835 года ў Вільні. Менавіта тады для яе прагучалі першыя аглушальныя апладысменты і яна ўпершыню атрымала прызнанне шырокай публікі. Віленскі поспех адначасова стаў першым сур’ёзным выпрабаваннем, якое юная скрыпачка з гонарам вытрымала і выкарыстала як штуршок для далейшага імклівага развіцця.

У студзені 1837 года ў Гродне дзевяцігадовая Багуміла перад шырокай аўдыторыяй іграла ўжо канцэрт і варыяцыі французскага выканаўца і кампазітара П’ера Радэ. Публіка зноў прыняла выступленне Багумілы з захапленнем, знаўцы адзначалі ў яе выканаўчай манеры ўпэўненасць і глыбокае пачуццё.

У 1838-1841 гадах Багуміла Юзафовіч адначасова з навучаннем у пансіёне ўдасканальвала сваё музычнае майстэрства ў Санкт-Пецярбургу. Яна брала ўрокі ў знакамітых еўрапейскіх музыкантаў, якія прыязджалі ў гэты горад на гастролі.

У лютым 1841 года адбыўся першы канцэрт Багумілы Юзафовіч у Санкт-Пецярбургу. Менавіта пасля гэтага выступлення сярод кампліментаў Багуміле прагучаў выраз “Паганіні ў жаночым адзенні”. Па шматлікіх просьбах у красавіку гэтага ж года быў зладжаны яшчэ адзін канцэрт з удзелам Багумілы Юзафовіч, пасля якога прэса назвала Багумілу “Маленькім Цудам”. Юнай гродзенскай скрыпачцы прарочылі славу і вялікую будучыню. Польскамоўныя выданні далучаліся да дыфірамбаў і выказвалі надзею, што імя Багумілы Юзафовіч калі-небудзь будзе ўпісана ў гісторыю музычнага мастацтва.

Шлях Багумілы тым часам скіраваўся ў бок іншых еўрапейскіх сталіц. У 1843 годзе яна дала канцэрт у Варшаве, пасля якога выканаўчае майстэрства Багумілы выклікала агульнае захапленне і гучны рэзананс. Яе імя не сыходзіла са старонак газет. У наступныя гады, нават пасля замужжа, Багуміла Юзафовіч-Бароўская шмат выступала з канцэртамі, у тым ліку ў Гродне, Мінску, Вільні. Яе рэпертуар пастаянна пашыраўся, папаўняючыся найлепшымі творамі скрыпічнай музыкі таго часу.

Багуміла Юзафовіч-Бароўская пайшла з жыцця прыкладна ў 1865 годзе.