Булгак Ян
Булгак Ян (6.10.1876, в.Асташын Карэліцкага р-на – 4.2.1950), знакаміты беларускі і польскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст.
Скончыў рускую класічную гімназію ў Вільні (1897). Вучыўся ў Ягелонскім універсітэце (Кракаў; 1897-1899). 3 1905 г. займаўся фатаграфіяй. У 1919-1939 гг. – кіраўнік лабараторыі мастацкай фатаграфіі пры Віленскім універсітэце. 3 1945 г. – у Варшаве. Заснавальнік і старшыня фотаклуба Польшчы, Віленскага фотаклуба, саюза польскіх мастакоў-фатографаў і фатаграфічнага таварыства.
Апублікаваў шмат здымкаў беларускіх народных тыпаў, краявідаў, вёсак, гаспадарчых пабудоў беларускіх сялян (“Беларус з-пад Клецка”, “Бабулька-беларуска з маёнтка Перасека пад Мінскам”, “Жабракі беларусы пад Мінскам”, “Беларус з Міншчыны”, “Вечар (Міншчына)”, “Краявід з Ашмянскага павета”, “Месячнае неба. Багданаў”, “Ціша. Возера. Нарач”, “Белавежская пушча” і інш.).
Фотаработы майстра неаднаразова адзначаліся залатымі і сярэбранымі медалямі на шматлікіх выставах. Аўтар прац пра Ф.Рушчыца, артыкулаў пра беларускі фальклор і краязнаўства (“Экскурсія на Свіцязь” (1910), “Велікодныя песні на Міншчыне (валачобнікі)” (1911), даследаванняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі (“Фатаграфіка”, 1931), краязнаўстве, мастацтве.
Фотатэка і калекцыя яго здымкаў (каля 10 тыс.) згарэла ў 1944 г. падчас пажару ў Вільні. Многія фота захоўваюцца ў архівах і бібліятэках Вільні і Варшавы.