Сталыпін Пётр Аркадзьевіч
Сталыпін Пётр Аркадзьевіч (14.04.1862, г. Дрэздэн, Германія — 18.09. 1911), расійскі дзяржаўны дзеяч, аўтар аграрнай рэформы. З чэрвеня 1902 г. да сакавіка 1903 г. губернатар Гродзенскай губерні.
Пётр Аркадзьевіч паходзіў са старажытнага дваранскага роду. У 1874 г. паступіў ў Віленскую гімназію, потым перавёўся ў Арол, па месцы службы бацькі. У 1881-1885 гг. вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Служыў у міністэрствах унутраных спраў і дзяржаўных маёмасцей. У розныя гады займаў пасты павятовага, потым губернскага маршалка ковенскага дваранства (1899 – 1902), Гродзенскага і Саратаўскага (1903 – 1906) губернатара, міністра ўнутраных спраў , прэм’ер-міністра (1906 – 1911).
Невялікая гродзенская старонка ў жыцці і дзейнасці Пятра Сталыпіна адметная тым, што ўжо тады ён аддаваў прыярытэт аграрнаму пытанню – выступаў за рассяленне сялян на хутары, пераход ад так званага карыстання зямельнымі надзеламі да хутарской гаспадаркі, ліквідацыю цераспалосіцы, шмат увагі надаваў меліярацыі. Пры гэтым неад'емнай часткай аграрнай рэформы Сталыпін лічыў павышэнне адукацыйнага ўзроўню сялян. На пасяджэнні Гродзенскага таварыства сельскай гаспадаркі губернатар заявіў: “Баяцца граматы і асветы, баяцца святла нельга. Адукацыя народа, правільна і разумна пастаўленая, ніколі не прывядзе да анархіі...”.
Сталыпін імкнуўся вырашыць яўрэйскае і польскае пытанні ў губерні, садзейнічаў паляпшэнню эканамічных умоў у галіне сельскай гаспадаркі. Па ініцыятыве П. Сталыпіна ў Гродне былі адкрыты яўрэйскае двухкласнае народнае вучылішча, рамеснае вучылішча, абсталяванае ўсімі тагачаснымі тэхнічнымі сродкамі, а таксама жаночае прыходскае вучылішча. Пачалася падпіска на заснаванне імянных стыпендый мужа і жонкі Сталыпіных для найлепшых навучэнцаў Гродзенскай мужчынскай гімназіі. Свята-Пакроўскі сабор у Гродна быў пабудаваны пры садзейнічанні Сталыпіна. Ён, ужо як старшыня расійскага ўрада, падтрымаў гродзенцаў у іх жаданні ўвекавечыць памяць аб сваіх земляках, якія загінулі ў Маньчжурыі ў гады руска-японскай вайны.
Пераязджаючы з Прынямоння ў Саратаў (калі атрымаў пасаду саратаўскага губернатара), Пётр Сталыпін пісаў: “Знаходжанне маё тут, у Гродне, было падобна на прыгожы сон. I, як сон, яно было занадта кароткачасовым... Пакідаючы Гродзенскую губерню, я і мая жонка бяром з сабой самыя светлыя ўспаміны...”. Ды і не толькі ўспаміны. I ў Саратаве, і пазней ў Пецярбургу разам з сям'ёй Сталыпіных знаходзіліся простыя людзі з прыслугі, звязаныя сваімі каранямі з Гродзеншчынай. Сярод іх была і нянька Людміла Астаньковіч, якая 12 жніўня 1906 г. загінула падчас тэракту, закрыўшы сваім целам аднаго з дзяцей Сталыпіных.
Ацэнка дзейнасці Сталыпіна, як яго сучаснікамі, так і гісторыкамі, неадназначная і носіць палярны характар. У ёй адны вылучаюць толькі негатыўныя моманты, іншыя, наадварот, лічаць яго “геніяльным палітычным дзеячам”, чалавекам, які мог бы выратаваць Расію ад будучых войнаў, параз і рэвалюцый.