Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Прытыцкі Сяргей Восіпавіч

Прытыцкі Сяргей Восіпавіч

Прытыцкі Сяргей Восіпавіч (19.01(1.2). 1913, в. Гаркавічы Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Падляшскае ваяводства, Польшча - 13.06.1971, Мінск), дзяржаўны і палітычны дзеяч, удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, адзін з арганізатараў патрыятычнага падполля і партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

3 1931-га – сакратар Крынкаўскага раённага, потым Гродзенскага акруговага камітэта КСМЗБ. Кіраваў забастоўкамі лясных рабочых. Быў арыштаваны польскімі ўладамі ў 1933 г. 5 месяцаў знаходзіўся ў гродзенскай турме, вядомай у Польшчы сваім жорсткім рэжымам. Яго білі, катавалі, але так і не дабіўшыся прызнання, вымушаны былі адпусціць. Апынуўшыся на волі, Сяргей Восіпавіч актыўна ўключыўся ў рэвалюцыйную дзейнасць, з лістапада 1933 г. перайшоў на нелегальнае становішча.

У 1933-1934 гг. – член Слонімскага акруговага камітэта камсамола, у 1935-1936 гг. – сакратар Слонімскага акруговага камітэта КСМЗБ. Быў адным з кіраўнікоў забастоўкі лясных рабочых у Саколкаўскім, Гродзенскім і Слонімскім паветах.

У студзені 1936 года ў Віленскім акруговым судзе падчас судовага працэсу над 17 рэвалюцыйнымі дзеячамі страляў у правакатара; пры арышце быў цяжка паранены. У чэрвені 1936 года прыгавораны да пакарання смерцю, што выклікала шматлікія акцыі пратэсту і кампанію салідарнасці ў многіх краінах свету. Смяротны прысуд быў заменены пажыццёвым турэмным зняволеннем.

Вызвалены з турмы ў верасні 1939 года. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у стварэнні абарончых збудаванняў вакол Магілёва, у фарміраванні народнага апалчэння ў Гомелі. Са жніўня 1941 года - на фронце.

1942 - 1944 гг. – другі сакратар ЦК ЛКСМБ;

1949 - 1952 гг. – першы сакратар Гродзенскага абкама КПБ;

1962 - 1968 гг. – сакратар ЦК КПБ, намеснік старшыні Савета Міністраў БССР;

1968 - 1971 гг. – старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, медалямі.

Факты з падпольнай дзейнасці Прытыцкага ў Заходняй Беларусі паслужылі дакументальнай асновай для стварэння кінастужкі “Чырвонае лісце”.