Тызенгаўз Антоній
Тызенгаўз Антоній (1733, мяст. Наваельня Навагрудскага павета, зараз Дзятлаўскі раён - 1785), дзяржаўны і грамадскі дзеяч Вялікага княства Літоўскага, асветнік на Беларусі і ў Літве.
3 1764 г. - канюшы літоўскі, з 1765 г. - падскарбі надворны літоўскі, староста гродзенскі, у 1765 г. па даручэнні караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага прыняў кіраўніцтва каралеўскімі эканоміямі на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Тызенгаўз зрабіў Гародню ажыўленым, прамысловым, культурным горадам другой сталіцай ВКЛ. Па яго ініцыятыве ў 1760-80 гг. побач з горадам, у в. Гарадніцы, быў пабудаваны прамыслова-культурны цэнтр з 85-ці будынкаў рознага прызначэння, што ўтваралі 3 асобныя зоны: адміністрацыйную, вытворчую, навучальную (пазней увайшлі ў межы г. Гродна).
Антоній Тызенгаўз увайшоў у гісторыю як арганізатар мануфактур у ВКЛ. У прадмесцях Гродна былі заснаваны і дзейнічалі фабрыкі: суконная, шаўковая, палатняная, карункавая, панчошная, капялюшная, карэтная, шаўковых паясоў, ігральных карт, збройная, гарбарная, а таксама завод жалезных і медных вырабаў.
Значную ўвагу надаваў Тызенгаўз і земляробству. Для вывучэння спосабаў павелічэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур ён накіраваў свайго аднадумца Даўнаровіча ў Англію вывучаць агратэхніку, каб падняць узровень жывёлагадоўлі закупляў пародзістыя віды жывёл.
Тызенгаўз заснаваў у Гродне кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, медыцынскую і іншыя школы. У медыцынскай школе на сродкі Тызенгаўза і ахвяраванні С.Панятоўскага была створана бібліятэка спецыяльнай літаратуры.
А.Тызенгаўз быў не толькі буйным фінансістам і адміністратарам, але і даволі адукаваным і культурным чалавекам свайго часу. Стварыў свой тэатр, у які запрашаў балетмайстраў, замежных артыстаў, музыкантаў, спевакоў і харэографаў. Адкрыў для прыгонных сялян тэатральную школу. Тэатр, які пачынаўся з невялікага ансамбля інструментаў і вакалістаў, да 1778 г. дасягнуў высокага прафесійнага ўзроўню і стаў шматпрофільным. Былі пастаўлены оперы А. Грэты “Магніфік”, камедыі П. Бамаршэ “Севільскі цырульнік” і інш. Прыдворны аркестр (капэла Тызенгаўза) належаў да найлепшых па прафесійным узроўні калектываў у ВКЛ і славіўся за яго межамі.
У 1775-1776 гг. Тызенгаўз арганізаваў першую друкарню ў Гродне і быў адным з яе арандатараў. Тут друкаваліся арыгінальная і перакладная літаратура, навуковыя працы, падручнікі, малітоўнікі, афіцыйныя дакументы, а таксама першае на Беларусі перыядычнае выданне, ініцыятарам якога быў Тызенгаўз, “Gazeta Grodzenska” (“Гродненская газета”).
Імя А.Тызенгаўза ўвекавечана ў назве плошчы на Гарадніцы. У Гродне дзейнічае галерэя “Тызенгаўз” і створана капэла, якая працягвае музычныя традыцыі часоў Тызенгаўза.