Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Дубко Аляксандр Іосіфавіч

Дубко Аляксандр Іосіфавіч

Дубко Аляксандр Іосіфавіч (14.01.1938, в. Ілава Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці - 04.02.2001), дзяржаўны дзеяч Беларусі, Герой Сацыялістычнай працы, Герой Беларусі.

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1975-1985гг.), з 1984г. – дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, член Вярхоўнага Савета СССР (1980-1990гг.). Прымаў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года.

Скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (1960г.) па спецыяльнасці “вучоны-аграном”. Працоўную дзейнасць пачаў аграномам-насенняводам у навучальнай гаспадарцы “Станіславова” Гродзенскага сельгасінстытута.

1961-1966гг. – кіраўнік аддзялення, дырэктар навучальнай гаспадаркі.

1966-1970гг. – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Бераставіцкага райвыканкама.

1970-1972гг. – дырэктар спецыялізаванага трэста малочна-агароднінных саўгасаў Гродзенскай вобласці.

1972-1994гг. – старшыня аграпрамысловага калгаса-камбіната “Прагрэс” Гродзенскага раёна. Старшыня Савета калгасаў БССР. За гады яго кіраўніцтва гаспадарка па многіх паказчыках выйшла на перадавыя пазіцыі і стала адной з вядучых у краіне. Тут у свой час, упершыню, поўнасцю механізіравалі працэсы вырошчвання бульбы і цукровых буракоў, былі пабудаваны бройлерная птушкафабрыка, асфальтны завод, жыллёвы сектар, закладзены фруктовы сад на 200 га. і многае іншае. У 1978 г. па выніках Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва калектыў калгаса "Прагрэс" прызнаны пераможцам і ўзнагароджаны пераходзячым Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ.

З 1990г. – старшыня Гродзенскага абласнога савета народных дэпутатаў.

1994-2001гг. – старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

Пад яго кіраўніцтвам Гродзеншчына ператварылася ў высокаразвіты індустрыяльна-аграрны і культурны рэгіён краіны. Урачыста былі адкрыты Лядовы палац, музычнае і медыцынскае вучылішчы ў абласным цэнтры, школы, дзіцячыя сады, установы аховы здароўя ў гарадах і вёсках Гродзенскай вобласці. Атрымалі другое дыханне навука, адукацыя, культура. Ахова здароўя вобласці па асноўных паказчыках чатыры гады прызнавалася лепшай у рэспубліцы. I ўсё гэта дзякуючы Дубко Аляксандру Іосіфавічу.

Ім была заснавана стыпендыя Гродзенскага аблвыканкама для асабліва адораных юнакоў і дзяўчат, а таксама прэмія “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”, якая з 2001 года носіць яго імя.

За дасягненне высокіх вынікаў у развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1982г. А.І. Дубко было прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак Пашаны”, чатырма медалямі, двума Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У 1997г. быў узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2001 года за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам Дубко Аляксандру Іосіфавічу прысвоена званне "Герой Беларусі" (пасмяротна).

У лютым 2010г. на пасяджэнні Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў было прынята рашэнне надаць імя Аляксандра Дубко новай вуліцы ў Гродна.