Войцік Віктар Антонавіч
Войцік Віктар Антонавіч (3.9.1947, Гродна), знакаміты беларускі кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.
Закончыў Беларускую кансерваторыю па класу кампазіцыі прафесара А.Багатырова і асістэнтуру-стажыроўку Маскоўскай кансерваторыі па класу прафесара А.Лемана. Намеснік старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі (з 1978). У 1981 - 1988 гг. – загадчык музычнай часткі Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра Беларусі. 3 1980 г. выкладае ў Беларускай акадэміі музыкі. Працуе ў розных жанрах. Яго музыцы ўласціва нацыянальная характэрнасць у спалучэнні з сучаснай тэхнікай кампазіцыі. Сярод твораў: опера «Вясновая песня» (паст. 1993), мюзікл «Прыгоды ў замку «Алфавіт» (паст. 1996, лібр. С.Клімковіч), араторыі «Памяць Хатыні» на вершы Г.Бураўкіна і Р.Тармолы (1973) і «Дзень Радзімы» на вершы У.Карызны (1977); кантаты «Як хадзіў камар у сваты» на вершы М.Багдановіча (1972) і «Казацкія песні» на народныя словы (1974); 3 сімфоніі («Каложа», 1972, 1975; «Апошняя восень паэта» на вершы П.Верлена ў пер. М.Багдановіча, 1992); канцэрты для камернага аркестра (1974), для кларнета і камернага аркестра (1984), для цымбалаў і сімфанічнага аркестра (1988); сімфанічная сюіта «Забавы» (1976), «Сюіта ў старадаўнім стылі» для цымбалаў і камернага аркестра (1972); «Самотны вецер» для гітары і струннага квартэта (1993); саната для двух цымбалаў (1979); хары, песні, музыка да драматычных спектакляў.