Захлеўны Леанід Канстанцінавіч
Захлеўны Леанід Канстанцінавіч (16.1.1947, Гродна), беларускі кампазітар, народны артыст Беларусі (1998 г.), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1980 г.), заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі (1985 г.), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994 г.).
Закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыі прафесара А.В. Багатырова (1972) і асістэнтуру-стажыроўку пад кіраўніцтвам прафесара Я.А.Глебава (1976). Быў выкладчыкам Мінскага музычнага вучылішча, музычным рэдактарам кінастудыі “Беларусьфільм” у 1978-1989 гг.
Менавіта першыя самастойныя творы, напісаныя пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, у Леаніда Захлеўнага сталі знакавымі. Чаго каштавалі хоць бы знакамітыя 10 апрацовак беларускіх народных песень для хору а сареllа. Напісаныя 30 гадоў таму, яны ператварыліся ў жывую класіку. Гэтыя і іншыя партытуры адразу вылучылі Леаніда Захлеўнага ў шэраг выбітных харавых кампазітараў. Але з гадамі ў творчасці ўсё большае месца (дакладней, асноўнае, цэнтральнае, а часам і адзінае) займаюць песні. Песні яго – хутчэй, гарадскога, “шляхетнага” паходжання, з рамансавым адценнем. У іх так і свеціцца яго родная Гародня.
Сярод твораў кампазітара кантаты “Вянок”, “Муха-цакатуха”, песенны цыкл “Памяць” (1989 г.), зборнік песень для дзяцей “Вераснёвы вальс” (1994 г.) і інш. Таленавіты кампазітар паклаў на музыку вершы многіх выдатных паэтаў: Алеся Бадака (“Падаюць зоры”), Артура Вольскага (“Песенька Дзеда-Барадзеда”), Ніла Гілевіча (“Сонца ў азерцы”), Леаніда Дранько-Майсюка (“Аксаміткі”, “Ты — каралева”), Васіля Жуковіча (“Сымонка"), Уладзіміра Карызны (“Зорачка мая”, “Маміна вішня”), Уладзіміра Мазго, Леаніда Пранчака (“Каля Чырвонага касцёла) і іншых аўтараў. Напісаў музыку для мультыплікацыйнага фільма "Прыгоды Несцеркі".
Новым перыядам творчасці Леаніда Захлеўнага стала стварэнне ў 1990 г. яркага самабытнага ансамбля народнай музыкі “Бяседа”. Рэпертуар “Бяседы” – гэта шматлікія апрацоўкі беларускіх народных песень і аўтарскія творы кампазітара, якія захоўваюць стылістыку і жанравую накіраванасць ансамбля. “Чарка на пасашок”, “Вечарынка”, “Ай да полька” сталі папулярнымі і атрымалі народнае прызнанне не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.