Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Ажэшка Эліза

Ажэшка Эліза

Ажэшка Эліза (нар. 06.06. 1841 г., б. маёнтак Мількаўшчына Гродзен. р-на – 1910, Гродна), сусветна вядомая пісьменніца, грамадскі дзеяч. Усё жыццё “каралевы польскай прозы і пакутлівай праўды” (Ф.Багушэвіч) было звязана з горадам Гродна, яго блізкімі і далёкімі ваколіцамі.

Нарадзілася Эліза Ажэшка ў радавітай шляхецкай сям’і Паўлоўскіх у маёнтку Мількаўшчына, непадалёку ад Гродна. З 1852 да 1857 года дзяўчынка выхоўвалася ў адным з лепшых манастырскіх пансіёнаў у Варшаве.

21 студзеня 1858 года ў Бернардзінскім касцёле ў Гродне быў зарэгістраваны шлюб Элізы і палескага шляхціца Пятра Ажэшкі. Яна становіцца гаспадыняй маёнтка Людвінава (зараз вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці). Разам з малодшым братам мужа Фларыянам арганізавала школу для вясковых дзяцей, дзе навучалася 20 хлопчыкаў.

У час паўстання 1863-1864 гг. Э.Ажэшка стала сувязной партызанскага атрада Р. Траўгута, што дзейнічаў на тэрыторыі беларускага Палесся. Дапамагала паўстанцам медыкаментамі і прадуктамі харчавання, стварыла “жаночы легіёнік”', які выпякаў хлеб, мыў бялізну, трымаў з атрадам пастаянную сувязь.

Пасля разгрому паўстання Э.Ажэшка пераязджае ў Гродна, каб заняцца ў першую чаргу літаратурнай творчасцю.

Пасля вялікага пажару, які адбыўся ў горадзе ў 1885 годзе, Эліза арганізуе дапамогу пагарэльцам, настойліва змагаецца за тое, каб падтрымка Гродна ў няшчасці стала справай усяго краю.

Жывучы ў Гродне, Э.Ажэшка займалася культурна-асветніцкай і дабрачыннай дзейнасцю. Яна праводзіла літаратурныя лекцыі, арганізоўвала масавыя чытанні. Штогод на Каляды ў сваім доме па вул. Садовай ладзіла святы вакол елкі для дзяцей-сірот. Тут жа працавалі чытальная зала для інтэлігенцыі, мяшчан і іх дяцей. У гэтым сціплым доме часта можна было сустрэць вядомых вучоных і грамадскіх дзеячаў, сярод якіх – Ф.Багушэвіч, М.Канапніцкая, У.Рэймант і інш.

Творы Э.Ажэшкі здабылі ёй сусветную славу, перакладзены на 20 моў свету. Яе творчая спадчына налічвае каля 150 мастацкіх, літаратуразнаўчых і публіцыстычных твораў і больш за 10 тамоў пісьмаў. Выдатную пісьменніцу двойчы вылучалі на атрыманне Нобелеўскай прэміі.

Беларуская зямля, тутэйшы край – крыніца творчасці вялікай пісьменніцы. Наднёманскія прасторы, гістарычныя падзеі, звязаныя з Гродзеншчынай, багатая фальклорная спадчына і самі людзі натхнялі яе на стварэнне цудоўных твораў. Ажэшка, як ніхто да яе, расказала свету пра Беларусь і беларусаў.

Зараз у доме Э.Ажэшкі ў Гродне размешчаны інфармацыйна-адукацыйны цэнтр ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”, працуе мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніцы, творчых людзей збірае літаратурна-музычны салон “У пані Элізы”. Намаганнямі супрацоўнікаў абласной бібліятэкі з 2005 года адноўлены традыцыі слыннай зямлячкі – правядзенне дабрачынных елак для дзяцей-сірот.

Імя Э.Ажэшкі носіць адна з вуліц горада Гродна, на якой і размяшчаецца знакаміты “Домік Элізы Ажэшкі”.