Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Мінейка Зыгмунт

Мінейка Зыгмунт

Мінейка Зыгмунт (Мінейка-Газдава Сігізмунд Станіслававіч; 1840, в.Балванішкі Ашмянскага павета, цяпер в.Зялёны Бор Ашмянскага р-на – 27.12. 1925), ваенны, грамадскі дзеяч, навуковец, удзельнік паўстання 1863-1864 гг. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.

Сярод удзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. былі людзі розных саслоўяў, нацыянальнасцей і ўзростаў. Адны з іх загінулі, другіх пакаралі, трэція назаўсёды пакінулі радзіму. Да апошніх адносіцца і Зыгмунт Мінейка – ганаровы грамадзянін Грэцыі, адкрывальнік рэшткаў старажытнага храма ў г. Дадоне, аўтар цікавых мемуараў “Z tajgі роd Акгороl’ (“3 тайгі пад Акропаль”).

Нарадзіўся ён у сям’і шляхціца. Пасля заканчэння ў Вільні гімназіі (1858) паступіў у Мікалаеўскае інжынернае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу. Па выніках уступных экзаменаў стаў трэцім у спісе лепшых абітурыентаў. Вучоба давалася лёгка, і 3ыгмунт мог бы зрабіць бліскучую кар’еру, аднак вясной 1861 г. пакінуў вучылішча і выехаў на радзіму, дзе пачыналіся рэвалюцыйныя хваляванні.

На Ашмяншчыне наладзіў сувязь з тайным таварыствам “Пянтковічы”, члены якога дзейнічалі пад прыкрыццём афіцыйна створанага аб’яднання “Бібліятэка ашмянскай моладзі”. Яны абмяркоўвалі планы падпольнай барацьбы, рэалізоўвалі нелегальныя беларускія выданні, праводзілі агітацыйную работу сярод сялян і дробнай шляхты. Хутка ўлады даведаліся пра дзейнасць арганізацыі, пачаліся рэпрэсіі. Каб пазбегнуць арышту эміграваў за мяжу. Праз Палессе, Украіну, Малдавію і Турцыю дабраўся да Італіі. У Генуі паступіў у Польскую ваенную школу. Падрыхтоўка там вялася ў трох кірунках – пяхотным, артылерыйскім і кавалерыйскім. Вучобу прайшлі больш за 200 курсантаў, многія з якіх вярнуліся на радзіму, каб прыняць удзел у паўстанні пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага, сярод іх быў і 3. Мінейка. Вясной 1863 г. ён прыехаў у Вільню і быў прызначаны ваенным начальнікам Ашмянскага павета, камандзірам атрада, што дзейнічаў у лясах каля Гальшан, Бакштаў, у Налібоцкай пушчы. Юнак трапіў у палон пад Расолішкамі. Яго судзілі ў Вільні і вынеслі смяротны прыгавор, потым замянілі на 12 гадоў катаргі на нерчынскіх рудніках. 3 віленскай турмы разам з іншымі вязнямі адправілі чыгункай у Маскву, адтуль па этапах у Сібір. Існуе меркаванне, што па дарозе ў Томск ён выкарыстаў дакументы памерлага арыштанта А. Струмілы, асуджанага на вольнае пасяленне ў Томск, і выдаў сябе за яго. Аднак гэта не пацвярджаецца паліцэйскімі дакументамі. 3 іх вядома, што 7 жніўня 1864 г. 3. Мінейка з партыяй № 32 прыбыў у Томск. 15 мая 1865 г. уцёк з Сібіры і дабраўся да Масквы. Рускія сябры дапамаглі атрымаць пашпарт на імя эстонскага барона фон Меберта, па якім ён выехаў у Францыю.

У Парыжы З.Мінейка паступіў у ваенную школу пры Акадэміі Генеральнага штаба, якую скончыў у 1868 г. У званні капітана французскай арміі паехаў у Балгарыю, дзе будаваў чыгункі, масты, пракладваў каналы. У 1870 г. зноў узяў зброю ў рукі, каб абараніць Францыю ад прускага нашэсця, быў сярод абаронцаў Парыжскай камуны.

Жыў у Турцыі, Грэцыі, дзе атрымаў пасаду галоўнага інжынера правінцый Эпір і Фесалія. У 1876 г. займаўся археалагічнымі пошукамі ў г. Дадоне, у 1880 г. апублікаваў этналагічную карту Эпіра. Узначаліў Дэпартамент грамадскіх работ у Афінах і распачаў праектаванне, будаўніцтва і аднаўленне спартыўных аб’ектаў для Першых Алімпійскіх гульняў 1896 г., у 1897 г. працаваў на пасадзе кіраўніка тапаграфічнай секцыі ваеннага штаба. У 1910 г. парламент прысвоіў яму званне ганаровага грамадзяніна Грэцыі. Падчас Балканскіх войнаў (1912-1913) распрацаваў стратэгічны план, які забяспечыў поўную перамогу грэчаскай арміі ў час штурму Салонікаў і крэпасці Яніна, за што быў узнагароджаны ордэнам Залатога Крыжа.

Наведаў сваю радзіму ў 1911 г., потым у 1922 і 1923 гг. Пабываў у Вільні, Балванішках, Ашмянах, Гальшанах. Віленскаму ўніверсітэту 3. Мінейка падарыў калекцыю старажытных манет.

Мемуары 3. Мінейкі захоўваюцца ў Ягелонскім універсітэце (у 1971 г. у скарочаным выглядзе былі выдадзены ў Польшчы асобнай кніжкай).