Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Храптовіч Яўхім

Храптовіч Яўхім

Храптовіч Іахім Ігнацы Юзаф (4 студзеня 1729, маёнтак Ясянец Наваградскага павета – 4 сакавіка 1812) – грамадска-палітычны, дзяржаўны і культурны дзеяч ВКЛ, філосаф, публіцыст, паэт, перакладчык.

Нарадзіўся ў сям’і Марцыяна Храптовіча і Рэгіны Вайнянкі. Пачатковую адукацыю атрымаў дома пад кіраўніцтвам ксяндза Адама Хмялёўскага, у спадчынным маёнтку бацькі Шчорсы Навагрудскага павета. Потым вучыўся ў Віленскай акадэміі (2 гады), у розных навучальных установах Брунсберга ў Заходняй Прусіі (3 гады), Нясвіжа (1 год) і зноў Вільні (1 год).

Пасля атрымання вышэйшай адукацыі і кароткага тэрміна службы ў войску займае пасады навагрудскага стольніка (1752), дэпутата Галоўнага трыбуналу ВКЛ ад Гродзенскага павета (1753), пасла ад Навагрудскага і іншых паветаў на соймы Рэчы Паспалітай, маршалка Навагрудскага ваяводства канфедэрацыі ВКЛ (1764), маршалка Галоўнага трыбуналу ВКЛ (1765) і інш.

24 снежня 1764 г. пасля каранацыі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага Храптовіч прызначаны на ўведзеную пасаду вялікага сакратара ВКЛ. 8 мая 1765 г. адзначаны новай узнагародай Рэчы Паспалітай – ордэнам Станіслава.

11 снежня 1766 г. у Варшаве Яўхім Храптовіч узяў шлюб з Канстанцыяй Пшаздзецкай, дачкой падканцлера літоўскага Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага. Пасля шлюбу, падчас абвастрэння ўнутрыпалітычных супярэчнасцей у Рэчы Паспалітай, асабліва ў гады дзейнасці Барскай канфедэрацыі (1768-1772 гг.), Храптовіч дзяржаўнымі справамі не займаўся. У 1769-1772 г. знаходзіўся па-за межамі краіны. Па вяртанні ў Варшаву пачынае рэалізоўваць прагрэсіўныя ідэі ў сваёй рознабаковай дзяржаўнай і прыватнай дзейнасці.

26 кастрычніка 1773 г. Я. Храптовіч прызначаецца падканцлерам літоўскім. Быў прызначаны камісарам дэпартаменту Віленскай акадэміі і школаў ВКЛ. За дваццаць гадоў існавання (1773-1793) дэпартамент пад яго кіраўніцтвам дамогся значных поспехаў найперш у павелічэнні колькасці школаў розных узроўняў і наданні навучанню свецкага характару.

На Чатырохгадовым сойме (1788-1792) Я. Храптовіч прапанаваў шэраг праектаў дзеля вырашэння некаторых актуальных праблем. У прыватнасці, у 1788 г., каб спыніць шматлікія судовыя працэсы па межавых канфліктах, унёс прапанову абмежаваць усе вёскі, стварыць планы апошніх і перанесці іх на розныя карты краіны. Гэты праект быў ухвалены ў 1791 г., але выкананне адклалася да 1793 г. Але трэці падзел Рэчы Паспалітай пахаваў гэты праект.

14 чэрвеня 1793 г. Я. Храптовіч прызначаны на пасаду канцлера ВКЛ. Але складаныя палітычныя абставіны, сталы ўзрост, дрэннае здароўе і інш. вымусілі яго скласці канцлерскія паўнамоцтвы. Такім чынам, Я. Храптовіч стаў апошнім канцлерам ВКЛ. Тым не менш, заслугі перад дзяржавай былі адзначаны каралём польскім і вялікім князем літоўскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім: 7 верасня 1793 г. ён узнагароджаны ордэнам Белага Арла.

Перад пачаткам трагічнага Гродзенскага сойму (17 чэрвеня 1793 г.) Я. Храптовіч паехаў на лячэнне ў Аўстрыю. Вярнуўшыся ў сакавіку 1795 г. на радзіму, канчаткова пасяліўся ў Варшаве, адышоў ад дзяржаўных спраў і захапіўся літаратурнай і навуковай працай.

Менавіта ў прыватнай дзейнасці Храптовіча найбольш яскрава выявіліся яго выдатныя здольнасці і энцыклапедычныя веды. Амаль адразу пасля смерці бацькі (1766 г.) і атрымання спадчынных маёнткаў пачаў упарадкоўваць сваю сельскую рэзідэнцыю – сядзібу Шчорсы.

Памёр граф Яўхім Літавор Храптовіч на 84-м годзе 4 сакавіка 1812 г. Пахаваны ў Варшаве ў касцёле капуцынаў.