Гавурын Марк Канстанцінавіч
Гавурын Марк Канстанцінавіч (16.11.1911, г.п. Мір Карэліцкі раён – 11.04.1992) – савецкі матэматык, спецыяліст у галіне дыферэнцыяльнага і інтэгральнага вылічэння, доктар фізіка-матэматычных навук (1964), прафесар (1965). Заснавальнік навуковай школы ў галіне тэорыі аптымізацыі, вылічальнай матэматыкі і прыкладнога праграмавання.
У 16-гадовым узросце пераехаў у Ленінград, працаваў у травільным цэху манетнага двара. У 1931 г. паступіў на Матэматыка-механічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога (1936) працаваў там жа асістэнтам кафедры матэматычнага аналізу.
У 1940 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму: “Да пабудовы дыферэнцыяльнага і інтэгральнага вылічэння ў прасторах Банаха”. У 1940 г. сумесна з Л.В. Кантаровічам паставіў і вывучыў транспартную задачу ў матрычнай і сеткавай пастаноўках. Для вырашэння задачы імі быў прапанаваны метад патэнцыялаў, апісаны ў артыкуле “Ужыванне матэматычных метадаў у пытаннях аналізу грузапатокаў”, упершыню накіраваным у друк у снежні 1940 г., але надрукаваным у 1949 г.
Таксама пачынаючы з 1940 года працаваў навуковым супрацоўнікам у Ленінградскім аддзяленні Матэматычнага інстытута.
У 1941-1945 гг. служыў у РККА ў зенітных войсках на пасадах ад камандзіра ўзвода да памочніка начальніка штаба зенітнай дывізіі (Калінінскі, Бранскі, 4-й і 3-й Украінскі франты). Дэмабілізаваны ў званні капітана. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За баявыя заслугі”.
Вярнуўся ў якасці дацэнта на кафедру матэматычнага аналізу Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (ЛДУ). Разам з В.М. Фадзеевай у 1950-я гг. кіраваў разлікам табліц Бесселя. З 1957 года начальнік вылічальнага цэнтра ЛДУ. З 1960 па 1969 г. загадваў кафедрай вылічальнай матэматыкі, з 1969 па 1980 г. – кафедрай даследавання аперацый.
М.К. Гавурын з’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых прац па функцыянальным аналізе, матэматычнай эканоміцы, вылічальнай матэматыцы, матэматычным праграмаванні.