Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Кавалеўскі Восіп Міхайлавіч

Кавалеўскі Восіп Міхайлавіч

Кавалеўскі Восіп Міхайлавіч (28.12.1800-9.10.1878) – беларускі, рускі і польскі філолаг-усходазнавец, лінгвіст-манголазнавец, заснавальнік навуковага манголазнаўства ў Расіі і Еўропе, гісторык, педагог.

Нарадзіўся ў мястэчку Вялікая Бераставіца. 3 сям’і ўніяцкага святара. Пасля заканчэння Свіслацкай гімназіі (1809-1817 гг.) паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта па спецыяльнасці старажытныя мовы і класічная літаратура (1817-1821 гг.).

У Віленскім універсітэце В. Кавалеўскі стаў актыўным удзельнікам тайных студэнцкіх таварыстваў “Таварыства філаматаў” (з 1817 г.) і “Таварыства філарэтаў (з 1820 г.) разам з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам і Тамашам Занам. Універсітэт Восіп Кавалеўскі закончыў у 1820 г. са ступенню кандыдата філасофіі і быў прызначаны выкладчыкам славеснасці ў Віленскую гімназію.

У 1825 г. па справе філаматаў сасланы ў Казань, дзе ва ўніверсітэце вывучаў усходнія мовы (татарскую, арабскую, персідскую). У 1827 г. выехаў у Іркуцк, удасканальваў веданне мангольскай мовы. У 1829-1833 гг. удзельнічаў у навуковым падарожжы па Бураціі, Манголіі, Кітаі, вывучаў мову і культуру манголаў, народаў Сібіры і Кітая. У 1833-1855 гг. выкладаў мангольскую мову і літаратуру на кафедры (шмат гадоў яе ўзначальваў) мангольскай філалогіі Казанскага ўніверсітэта. Адначасова – дэкан філалагічнага факультэта ўніверсітэта (1837-1858 гг.). Абраны акадэмікам Пецярбургскай акадэміі навук (1847 г.). Быў сакратаром рэдкалегіі навуковага часопіса ўніверсітэта “Ученые запіскі...” (1834-1855 гг.). Працаваў рэктарам Казанскага ўніверсітэта (1855-1860 гг.).

У 1862 г. В. Кавалеўскі пераехаў у Варшаву, узяўшы з сабою асноўную частку сваёй бібліятэкі, а таксама найважнейшыя рукапісы. Працаваў загадчыкам кафедры ўсеагульнай гісторыі Варшаўскай галоўнай школы (універсітэта), адначасова – дэкан гістарычна-філалагічнага факультэта.

29 сакавіка 1878 года быў выбраны Ганаровым членам Казанскага ўніверсітэта.

Друкаваўся з 1819 г. (пераклады з Лонгіна, Авідзія, Плутарха). Выдаў “Кароткую граматыку мангольскай кніжнай мовы” (Казань, 1835 г.), “Мангольскую хрэстаматыю” Т. 1-2. (Казань, 1836-1837 гг.), “Будзійскую касмалогію” (Казань, 1837 г.), “Мангольска-рускі-французскі слоўнік” Т. 1-3 (Казань, 1844-1849 гг.). Засталася ў рукапісе “Гісторыя манголаў” у 2-х тамах.

Памёр Восіп Кавалеўскі 9 кастрычніка 1878 года. Пахаваны на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве.