Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Усевалад Ніканоравіч Іваноў

Усевалад Ніканоравіч Іваноў

Усевалад Ніканоравіч Іваноў (7 верасня 1888, Ваўкавыск, Гродзенская губерня – 9 снежня 1971, Хабараўск) – рускі пісьменнік, філосаф, гісторык, аўтар аповесцяў і раманаў, прадстаўнік Еўразійскага руху 1920-х гг.

У. Іваноў нарадзіўся ў сям’і павятовага настаўніка жывапісу. У 1897 годзе сям’я Івановых перасялілася ў Кастраму, дзе хлопчык атрымаў пачатковую адукацыю і паступіў у Кастрамскую гімназію. У 1912 годзе скончыў гісторыка-філасофскі факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Падчас вучобы ва ўніверсітэце і пасля яго заканчэння праходзіў стажыроўку і слухаў лекцыі ў Германіі ў Гейдэльбергскім універсітэце і ўніверсітэце ў Фрейбургу. У гэтыя ж гады было надрукавана першае яго сачыненне – рэцэнзія на філасофскую працу аднаго з калегаў.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Іваноў пачаў службу ў арміі ў пяхотным палку ў Тамбове. У 1913 годзе ён здае экзамены на прапаршчыка запасу і, атрымаўшы афіцэрскае званне, вяртаецца ў Пецярбургскі ўніверсітэт, маючы намер заняцца навуковай дзейнасцю, але з пачаткам Першай сусветнай вайны быў прызваны ў войска. У жніўні 1916 найвышэйшым загадам быў узнагароджаны ордэнам Св. Ганны 3-й ступені за выдатную службу.

У 1918 годзе дэмабілізаваўся і пачаў працаваць асістэнтам прафесара Л. В. Успенскага, які ўзначальваў кафедру філасофіі права Пермскага аддзялення Пецярбургскага ўніверсітэта, а некалькі пазней стаў выкладчыкам гэтай жа кафедры. Публікаваўся ў ліберальных газетах. Прызначаны на працу ў газету “Сібірскія стрэлкі”.

У чэрвені 1919 года Іваноў быў выкліканы ў Омск, дзе стаў працаваць на пасадзе віцэ-дырэктара “Рускага бюро друку” – прапагандысцкага органа Омскага ўрада.

У кастрычніку 1922 года Іваноў эміграваў спачатку ў Карэю, а затым у Кітай. У 1923 годзе пераехаўшы ў Шанхай, прыступіў да працы над кнігай “Мы”, якая носіць падзагаловак “культурна-гістарычныя асновы рускай дзяржаўнасці”. Кніга была выдадзена і мела вядомы поспех, бо ў ёй аналізавалася гісторыя адносін Расіі і Азіі. Амаль адначасова з раманам “Мы” ў 1926 годзе ў Харбіне Іваноў выдаў невялікі зборнік гісторыка-лірычных вершаў пад назвай “Бежанская паэма”, напоўненых настальгіяй па радзіме.

З 1928 Іваноў займаў пасаду галоўнага рэдактара рускага выдання кітайскага афіцыёзу “Гун Бао”. З 1931 года афіцыйна паступіў на працу ў савецкую газету, якая выходзіла на англійскай і рускай мовах “Шанхай Геральд”. Склаў для амбасады СССР агляд па літаратуры Кітая, па ўсіх яго 23 правінцыях.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Іваноў працаваў паліткаментатарам на радыёстанцыі “Голас Савецкага Саюза” ў Шанхаі, дзе выступаў тройчы на тыдзень.

У лютым 1945 года вярнуўся ў Савецкі Саюз і пасяліўся ў Хабараўску. Працаваў над цыклам аповесцяў пра Кітай першай паловы ХХ стагоддзя, куды ўвайшлі аповесці “Тайфун над Янцзы” (1952), “Шлях да алмазнай гары” (1956), “Дачка маршала” (1969).

У 1957 годзе, пасля выхаду рамана-хронікі “На ніжняй нетры” аб рэвалюцыі 1905, Іваноў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў.

У. Іваноў здзейсніў шмат паездак па краіне, збіраючы матэрыялы для сваіх будучых буйных гістарычных твораў – “Чорныя людзі” (1963), “Імператрыца Фіке” (1968), “Аляксандр Пушкін і яго час” (1970).

Памёр Усевалад Іваноў 9 снежня 1971 года. Пахаваны на цэнтральных могілках Хабараўска.