Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Жэбрак Антон Раманавіч

Жэбрак Антон Раманавіч

Жэбрак Антон Раманавіч (27.12.1901, в.Збляны Зэльвенскага р-на – 20.5.1965), беларускі генетык, селекцыянер, акадэмік АН Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі.

Выхадзец з небагатага сялянскага роду, А. Жэбрак меў вялікую прагу да вучобы, марыў аб паляпшэнні цяжкага лёсу і працы вяскоўцаў. Свае памкненні захаваў назаўсёды, пераадольваючы неймаверныя выпрабаванні ў часы першай сусветнай, грамадзянскай і савецка-польскай войнаў. Ён скончыў сярэднюю школу, а потым паступіў на вучобу і атрымаў дыплом аб заканчэнні Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя Ціміразева. Яго накіравалі на стажыроўку спачатку ў Калумбійскі ўніверсітэт у Нью-Йорку, а потым – у Пасадэну (Каліфорнія), да самога Томаса Ханта Моргана, сусветна вядомага генетыка. Пазней гэты факт стане пераломным у абвінавачванні Антона Раманавіча ў “няправільнасці”, “буржуазнасці” яго шляху ў вялікай навуцы.

У 30 гадоў наш зямляк стаў прафесарам Маскоўскай акадэміі сацыялістычнага земляробства і загадчыкам кафедры роднай яму сельгасакадэміі імя Ціміразева. У няпоўныя 35 гадоў ён – доктар навук. I з таго часу на працягу 13 гадоў А. Жэбрак праводзіў вялікую і так патрэбную сельскай гаспадарцы Савецкага Саюза работу па атрыманні новых відаў культур, і перш за ўсё – пшаніцы. Яго імя напоўніцу загучала не толькі па ўсяму СССР, але і ва ўсім сельскагаспадарчым свеце. Першымі яго ацанілі і ўганаравалі землякі-беларусы. У 1940 г. А. Жэбрак быў абраны акадэмікам Акадэміі навук Беларусі, а адразу ж пасля заканчэння вайны – прэзідэнтам. У 1945 г. у складзе дэлегацыі Беларусі ў Сан-Францыска ён падпісаў Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

На жаль, перыяд навуковай і навукова-кіраўнічай дзейнасці Антона Раманавіча на пасадзе прэзідэнта АН БССР быў вельмі непрацяглым. Агульнавядомае знішчэнне генетыкі як навукі і цікаванне генетыкаў як “замежных агентаў” не абмінула і А.Жэбрака. Пачынаўся новы этап барацьбы за прызнанне генетычнай навукі і менавіта А.Жэбрак стаў арганізатарам і лідэрам супрацьстаяння манапалізму Т.Лысенка ў савецкай біялогіі. Да праследавання самога Антона Раманавіча былі падключаны магутныя сілы. У другой палове 1948 г., калі А. Жэбрак жыў і працаваў яшчэ ў Мінску, яго настойліва шукалі супрацоўнікі ведамства Цанавы. Не знаходзілі яго і ў Маскве. А слыннага вучонага і проста выдатнага беларуса тады хаваў у сваім бараку адзін з яго мінскіх вучняў і паслядоўнікаў. У гэты “крытычны” перыяд асабіста А.Жэбрака выратавала яго беспарочнае класавае паходжанне, актыўная барацьба за перамогу савецкай улады на Беларусі, высокі аўтарытэт у партыйнага кіраўніцтва.

У 1957 г. А. Жэбрак узначаліў лабараторыю поліплаідыі ў Інстытуце біялогіі АН Беларусі. Навуковыя доследы акадэміка былі сканцэнтраваны ў галіне аддаленай гібрыдызацыі і поліпладыі ў раслін, галоўным чынам у пшаніцы і грэчкі. Тады ж А. Жэбрак напісаў падручнік “Батаніка”, па якому яшчэ не адно дзесяцігоддзе вучыліся і будуць вучыцца яго паслядоўнікі і вучні.

Усесаюзны часопіс “Генетика” ў некралогу, прысвечаным нашаму земляку, напісаў: “От нас ушел один из выдающихся людей советской науки; он пронес через всю жизнь как знамя честь ученого, ... несгибаемую волю в борьбе за науку – истинную, не знающую компромиссов...”. На яго магіле на каменнай стэле нашчадкі беларускага вучонага і патрыёта высеклі словы мудрага лацінскага выразу: “Пакуль дыхаю – спадзяюся”. У ім – увесь Антон Раманавіч Жэбрак.