Орда Напалеон
Напалеон Орда (Орда Напалеон Міхайлавіч; 11.02.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. – 26.04.1883), беларускі піяніст, кампазітар, педагог, мастак.
3 1819 г. вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. 3 1823 г. – у Віленскім універсітэце на фізіка-матэматычным факультэце, з якога ў 1827 г. выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага таварыства “Заране”. Удзельнік паўстання 1830-1831 гг., пасля яго паражэння эмігрыраваў у Францыю.
У 1838 г. выдаў “Альбом твораў польскіх кампазітараў”. У сярэдзіне 1840-х – дырэктар італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі П.Жэрара. У 1843 г. кампазітар узяў шлюб з францужанкай Ірэнай Бугле. Ёй прысвяціў паэтычны і прыгожы паланэз “Lа Сеllulе” (“У турме”), які пазней быў выдадзены ў Гродне.
3 1856 г. жыў у Варацэвічах, у 1862-1863 гг. – у Гродне. 3 15 мая 1866 г. па красавік 1867 г. быў за кратамі ў Гродзенскім астрозе па справе аб прыналежнасці да паўстання 1863 г. Потым пераехаў на Валынь, быў хатнім настаўнікам музыкі. Аўтар “Граматыкі музыкі” (1873 г.), высока ацэненай С.Манюшкам.
Н.Орда шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і архітэктурных помнікаў. Вылучаюцца архітэктурныя замалёўкі Орды (звыш 200 па Беларусі), выкананыя алоўкам, сепіяй, акварэллю.
Н.Орда пакінуў вялікую мастацкую спадчыну: каля 1150 малюнкаў і акварэляў. Асаблівую цікавасць маюць малюнкі з краявідамі Гродзеншчыны і непасрэдна г.Гродна (каля 40). Сярод іх – палацавыя ансамблі Гродна і гродзенскіх прадмесцяў: Новы замак, палац Чацвярцінскіх – былы будынак медычнай школы пры Тызенгаўзу, палац князя Валіцкага (збудаваны пры Тызенгаўзу як палац гродзенскага адміністратара), палацы ў Станіславове, Аўгустове і Панямуні. Свае акварэлі Н.Орда прысвяціў гандлёвай плошчы, славутай Замкавай гары, чыгуначнаму масту праз Нёман, чыгуначнаму вакзалу, гродзенскім святыням: Каложскай царкве, дамініканскаму касцёлу, жаночаму базыльянскаму кляштару, а таксама нёманскім краявідам.
Н.Орда пахаваны ў Янаве (цяпер г. Іванава) у фамільным магільным склепе.