Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Арлоўскі Яўстафій Філарэтавіч

Арлоўскі Яўстафій Філарэтавіч

Арлоўскі Яўстафій Філарэтавіч (14 (26). 4. 1862, в. Славенск Ашмянскага павета Віленскай губерні, цяпер Валожынскі раён - 2(15). 12.1913), беларускі гісторык, краязнавец і педагог.

Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю, Пецярбургскі гісторыка-філалалагічны інстытут (1885г.). Член Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, гродзенскіх царкоўна-археалагічнага і статыстычнага камітэтаў. Адзін з заснавальнікаў Гродзенскага педагагічнага таварыства (1907г.).

Я.Ф. Арлоўскі праслужыў амаль дваццаць восем з паловай гадоў (з 1885г.) у Гродзенскай класічнай (мужчынскай) гімназіі на кафедры грэчаскай мовы і гісторыі. Працаваў таксама настаўнікам геаграфіі ў жаночай гімназіі (1894-1904гг.), выкладчыкам рускай і ўсеагульнай гісторыі ў прыватнай жаночай сямікласнай яўрэйскай гімназіі Л.С. Вальдман (1909-1912гг.).

У Гродне Я.Ф.Арлоўскі пражываў па розных адрасах. З дапамогай “Памятных книжек Гродненской губерни” вызначаны наступныя месцы яго жыхарства: Акцызная плошча, дом Круповіча (?-1890гг.), вул. Палявая, дом Вейсбрэма (1891г), вул. Саборная, дом Фіна (1892-1897гг.), вул. Раздзельная, дом Шчэрбы (1898-1901-1902гг.), вул. Гараднічанская, дом М.Орман (1902г.), вул. Іванаўская, дом Гордана (1903-1913гг). Цяпер гэта адпаведна частка пл. Тызенгаўза і Леніна, вуліцы Савецкая, Энгельса і Гараднічанская (Тэльмана).

Актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю: быў бібліятэкарам Гродзенскай публічнай бібліятэкі (1891-1913гг.), агентам таварыства драматычных пісьменнікаў, ганаровым сябрам Гродзенскага праваслаўнага Сафійскага брацтва, сябрам царкоўна-археалагічнага камітэта, Гродзенскага педагагічнага таварыства і таварыства брацкай узаемадапамогі, актыўна супрацоўнічаў з рэдакцыяй “Гродненских губернских ведомостей” (з 1890г. вёў аддзел крытыкі і бібліяграфіі па гісторыі Заходняй Русі, а са жніўня 1892 па 1894г. - агляд гістарычных часопісаў).

Прайшоў усе ступені кар’еры дзяржаўнага чыноўніка: калежскі асэсар (12.03.1890г.), надворны саветнік (10.12.1890г.), калежскі саветнік (05.07.1894г.), стацкі саветнік (27.02.1898г.). Атрымаў званне “Заслужаны настаўнік”.

Аўтар прац па гісторыі населеных месцаў, народнай адукацыі, царквы, Айчыннай вайны 1812г. на Гродзеншчыне. Асноўную ўвагу звяртаў на палітычную гісторыю, вывучаў ролю беларусаў у гісторыі і культуры ВКЛ. Даказаў тоеснасць летапіснага Городень і сучаснага Гродна на Нёмане, рабіў захады распачаць археалагічныя раскопкі на Замкавай гары. Вяршыняй навуковай дзейнасці Арлоўскага, несумненна, з’яўляецца манаграфія “Гродненская старина. Часть 1. - гор. Гродна”.

У дакладзе на IX археал. з’ездзе ў Вільні (“Заснаванне г. Гродна і яго гісторыя да 1241г.”, 1897) і кнізе “Гродзенская даўніна” (ч. 1, Гродна. 1910г.) даследаваў гісторыю Гродна ад яго заснавання да пач. 20 ст.

Пахаваны на праваслаўных могілках у Гродне, але з цягам часу магіла Я.Ф.Арлоўскага згубілася. Яго імя носіць адна з вуліц г. Гродна.