Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Гройсман Сафія

Гройсман Сафія

Сафія Гройсман (Ходаш-Гройсман Сафія Пятроўна; нар. 8 сакавіка 1945 г., г. п. Любча Навагрудскага раёна) – сусветна вядомы парфумер.

Яе бацькі пазнаёміліся ў час Вялікай Айчыннай вайны ў партызанскім атрадзе ў лясах Беларусі. У цяжкія пасляваенныя часы сям’я жыла бедна. Пражыўшы некаторы час у Любчы, сям’я Ходаш пераехала ў Навагрудак.

У 1960 годзе Сафія разам з сям’ёй эмігравала ў Польшчу. Там яна атрымала адукацыю і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Атрымаўшы адукацыю хіміка, Сафія марыла ўладкавацца на працу, каб забяспечыць сябе і бацькоў.

У 1965 годзе Сафія разам з роднымі эмігравала ў Амерыку, скарыстаўшыся запрашэннем ад яўрэйскай сям’і, адной з многіх, якіх бацька Сафіі Пётр Ходаш выратаваў з гета падчас фашысцкай акупацыі.

І хоць аб парфумернай дзейнасці яна не думала, але так здарылася, што яе першыя крокі на працоўнай ніве пачаліся ў якасці супрацоўніцы лабараторыі ў канцэрне IFF (International Flavors&Fragrances), які з’яўляўся адным з лідэраў па вытворчасці парфумерных вырабаў і араматызатараў.

Як любы хімік, Сафія любіла ставіць эксперыменты. Гэтыя эксперыменты былі такія ўдалыя, што на яе звярнуў увагу вядомы парфумер Эрнст Шыфтан, пратэжэ тагачаснага кіраўніка кампаніі IFF, і для духоў Paris ад Yves Saint Laurent быў абраны водар, створаны Сафіяй. У той перыяд кампаніяй IFF кіравала знакаміты парфумер Жазэфіна Катапана. Менавіта яна аказала вялікі ўплыў на Сафію і пераканала праз чатыры гады пасля працаўладкавання прайсці парфумерны тэст. Пратэкцыя Жазэфіны Катапана і працавітасць Сафіі дапамаглі ёй стаць адным з парфумераў IFF. Тут яна стварала свае самыя выдатныя водары духоў, у якіх чуецца любоў да жыцця, таму што ў кожны з іх Сафія ўкладвала частку свайго сэрца.

У далейшым Сафія Гройсман, якая заслужыла прызнанне сваіх калегаў, прайшла шлях да пасады віцэ-прэзідэнта кампаніі IFF. Сёння яна з’яўляецца галоўным кансультантам IFF, а таксама займаецца выкладчыцкай дзейнасцю.

Сафія Гройсман знайшла свой непаўторны стыль, які дапамог ёй зрабіць імя ў сусветнай парфумерыі. Яе асаблівы погляд на сучасныя тэндэнцыі разбурыў усе парфумерныя традыцыі. Пры стварэнні водару Сафія адмовілася ад выкарыстання некалькіх соцень кампанентаў і пачала развіваць галоўны акорд паху, які уключаў у сябе толькі некалькі інгрэдыентаў.

Сафія Гройсман – адна з самых тытулаваных парфумераў у свеце. Яна была ўзнагароджана Cosmetics Executive Achieve Award – узнагародай за выдатныя поспехі ў парфумерыі. За сваю кар’еру Сафія атрымала пяць парфумерных аналагаў кінематаграфічнага “Оскара” - FiFi Awards. Газета The New York Times назвала яе “лепшым носам Амерыкі”, вядомыя парфумеры свету захапляюцца яе талентам. У 1996 годзе Гройсман атрымала ўзнагароду ад Амерыканскага таварыства парфумераў– Living Legend Award (“жывая легенда”). У 1994 і ў 1999 гадах яна таксама была ўдастоена ўзнагарод асацыяцыі жанчын-кіраўнікоў у сферы вытворчасці касметыкі за вялікі ўклад у парфумерную індустрыю.