Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Дэшнер Саламея

Дэшнер Саламея

Дэшнер Саламея (1759-20.03.1806), польская актрыса драмы і оперы, антрэпрэнёр. Стваральнік першага прафесійнага тэатра ў Гродне.

Нарадзілася ў Беластоку ў сям’і прыдворнага шпалерніка гетмана Браніцкага Адама Цешнера і яго жонкі Людвікі. Саламея атрымала выдатную на тыя часы адукацыю – яна валодала некалькімі замежнымі мовамі, добра танчыла, ведала прыдворны этыкет, разбіралася ў літаратуры і мастацтве, іграла на некалькіх музычных інструментах.

Дзяўчына змагла паступіць у буйнейшую на той час у Рэчы Паспалітай трупу Нацыянальнага тэатра, якой кіраваў выдатны тэатральны дзеяч, спявак, драматург і мемуарыст Войцех Багуслаўскі. Ён стаў першым тэатральным педагогам Саламеі і яе біёграфам.

У хуткім часе яна стала адной з зорак варшаўскай сцэны. Выступала ў розных амплуа, але найлепей яе талент ззяў у амплуа субрэтак. Моцны, прыгожы голас развіўся, дзякуючы заняткам з лепшымі музыкантамі, якія супрацоўнічалі з трупай Нацыянальнага тэатра.

3 трупай В.Багуслаўскага С.Дэшнер выступала на многіх тэатральных пляцоўках Рэчы Паспалітай. 3 вялікім захапленнем яе сустракалі гледачы Любліна, Кракава, Вільні і іншых буйных тэатральных цэнтраў. Некалькі разоў у складзе трупы яна ў гэты час выступіла і ў Гродне.

У 1800 або 1801 годзе Саламея, маючы ўжо багаты вопыт тэатральнай дзейнасці, вырашыла заснаваць уласную трупу. Выбар паў на Гродна – горад, блізкі да яе радзімы, які яна добра ведала. Галоўнае, што, пэўна, адыграла ролю ў выбары пляцоўкі для размяшчэння тэатральнай антрэпрызы, мураваны тэатральны будынак, пабудаваны яшчэ ў 1780-х гадах, а таксама звыклая да тэатральных паказаў публіка.

Адкрыць уласную справу пасярод тэатральнага сезона, не маючы трупы, было справай дастаткова цяжкай. Трэба было не толькі захапіць публіку, каб тэатр прыносіў даход, але яшчэ і адсунуць з камерцыйнага полю канкурэнтаў. Разлічваючы, што вопытныя, вядомыя гледачу сваім талентам акцёры сваёй гульнёй акупяць панесеныя затраты, яна перакупіла лепшую частку трупы антрэпрынёра Навіцкага, які даваў паказы ў Беластоку, пры чым зрабіла гэта патаемна. У хуткім часе Саламея ўладкавала ўзаемаадносіны яшчэ з аднымі канкурэнтамі – Шыманскім і Туроўскім. Вырашана было даваць паказы папераменна. Урэшце, гэтыя антрэпрынёры з’ехалі ў правінцыю, пакінуўшы Дэшнер гаспадыняй у будынку тэатра ў Гродне.

У 1802 г. на святкаванне адкрыцця Гродзенскай губерні ў горад над Нёманам завітаў расійскі імператар Аляксандр I. У праграме святкавання было выступленне трупы гродзенскіх акцёраў пад кіраўніцтвам Саламеі. Выступленне прайшло з вялікім поспехам. Пасля візіту ў Гродна імператара трупе была перададзена манапольнае права на выступленні ў Зэльве, калі там адбываюцца кірмашы.

Тэатр Саламеі Дэшнер працаваў у Гродне на працягу васьмі гадоў. Для тых часоў і для параўнальна невялікага горада гэта была нязвыклая справа. Нездарма яе трупу называюць сталым гродзенскім тэатрам, а сама антрэпрынёрка ўвайшла ў гісторыю як першая дырэктрыса гродзенскай сцэны.

Памерла актрыса і антрэпрынёрка ў 1806 г. у росквіце талента і славы. У апошні шлях знакамітую актрысу праважала ўсё тэатральнае Гродна, былі акцёры і аматары тэатра з іншых мясцін былой Рэчы Паспалітай. Пахавалі С.Дэшнер, хутчэй за ўсё, на лютэранскіх могілках, якія знішчылі ў 1950-я гады.