Ядкоўскі Юзаф Юзэфавіч
Ядкоўскі Юзаф Юзэфавіч (20.12.1890 Гродна -02.01.1950), беларускі і польскі археолаг і нумізмат.
Юзаф Ядкоўскі нарадзіўся ў небагатай сям’і рамеснікаў-гродзенцаў Юзафа Ядкоўскага і Соф’і Занеўскай. Сям’я жыла ў двухпавярховым доме №16 на вул. Паштовай.
Скончыў Гродзенскую гімназію (1907 г.), Маскоўскі археалагічны інстытут (1912 г.). Працаваў у Румянцаўскім музеі ў Маскве, быў кансерватарам па Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях.
У 1931 г. дзякуючы Ю. Ядкоўскаму быў вернуты ў Гродна з Масквы бюст Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які раней знаходзіўся ў дамініканскім кляштары.
Выступаў за захаванне помнікаў старажытнасці, у т.л. Сынкавіцкай царквы-крэпасці, Мірскага замка. Яго намаганнямі былі захаваны іканастас 17 ст. у Супраслі, касцёл з фрэскамі ў Гарадзішчы каля Пінска.
Разам з польскім археолагам В. Шукевічам праводзіў археалагічныя даследаванні ў Начы (Воранаўскі раён), разам з другім польскім археолагам Ю. Талькам-Грынцэвічам – у Ланкішках (Воранаўскі раён). У 1919 г. урадам Польшчы зацверджаны кіраўніком Бюро дзяржаўнай апекі над помнікамі гісторыі і культуры ў Гродне і Гродзенскім павеце. Стварыў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей і быў яго захавальнікам да 1936 г.
У 1920 г. была падрыхтавана манаграфія “Гродна”, якую Ядкоўскі змог выдаць толькі ў 1923г. Арганізаваў выданне штогодніка “Музей у Гродне” (“Мuzeum w Grodnie”).
З 1937 г. працаваў у Варшаве, з 1944 г. – у Кракаве, захавальнік Народнага музея (з 1945 г.), старшыня Варшаўскага нумізматычнага таварыства, рэдактар часопіса “Нумізматычна-археалагічныя ведамасці”. Правёў археалагічныя раскопкі ў Ваўкавыску (1925 г.), на Замкавай Гары ў Гродне (1932 - 1933 гг.), дзе выявіў княжацкі церам, рэшткі 2-х мураваных храмаў (пазней атрымалі назвы Гродзенская Ніжняя царква і Гродзенская Верхняя царква). У 1935 г. даследаваў Каложскую царкву.
Аўтар прац “Гродна” (Вільня, 1923 г.), “Гарадзішча Ваўкавыска” (Гродна, 1925г.), “Раннесярэдневяковае Гродна ў святле археалагічных раскопак у Гродзенскім Старым каралеўскім замку ў 1932 і 1933 гг.” (Варшава, 1934 г.), “Абарончы храм на Каложы ў Гродне” (Гродна, 1936 г.) і інш. Засталася нявыдадзенай шматтомная праца Ядкоўскага “Польскія рэліквіі ў Расіі”.
Памёр Ю. Ядкоўскі ў Варшаве пасля працяглай хваробы.