Корбут Вольга Валянцінаўна
Корбут Вольга Валянцінаўна (16.05.1955, Гродна), беларуская спартсменка (спартыўная гімнастыка). Чэмпіёнка XX і XXI Алімпійскіх гульняў.
Будучая легенда спорту нарадзілася ў звычайнай беларускай сям’і. Вольга пачала займацца гімнастыкай у 2-м класе. У дзесяць гадоў юная гімнастка трапіла ў групу да Рэнальда Кныша.
У 1969 г. чатырнаццацігадовая Корбут з поспехам выступіла на юнацкіх спаборніцтвах “Алімпійскія надзеі”, дзе прадэманстравала сваё знакамітае сальта на бервяне. У ліпені 1971 г. на Спартакіядзе народаў СССР заваяваць залаты медаль Вользе перашкодзіла толькі прыкрае падзенне з бервяна, але за камандную перамогу яна разам з сяброўкамі ўсё ж такі атрымала золата. На Спартакіядзе народаў СССР, якая адбылася праз чатыры гады ў Ленінградзе, яна стала чэмпіёнкай.
Напярэдадні Алімпійскіх гульняў перамагла ў шматбор’і на Кубку краіны. На Алімпіядзе-72 у Мюнхене выступ Вольгі на бруссях зрабіў сапраўдную сенсацыю. Усе газеты наперабой пісалі аб юнай спартсменцы. Аднак у шматбор’і ёй удалося заняць толькі пятае месца. У апошні дзень спаборніцтваў на бруссях Корбут заваявала сярэбраны медаль, а на бервяне і ў вольных практыкаваннях – золата. У выніку з XX Алімпійскіх гульняў сямнаццацігадовая дэбютантка прывезла тры залатыя медалі – за каманднае першынства і практыкаванні на асобных снарадах.
У 1973 г. зборная СССР па гімнастыцы здзяйсняла турнэ па Злучаных Штатах Амерыкі. Вольга карысталася вялікай папулярнасцю: многія гімнастычныя клубы былі названы яе імем.
З 1974 г. трэніраваць Вольгу пачала Вольга Аляксеева. На чэмпіянаце свету ў Варне ў шматбор’і Корбут заняла другое месца. У апорных скачках заваявала залаты медаль, здзівіўшы ўсіх, і балельшчыкаў і калегаў-спартсменаў, бездакорным выкананнем вельмі складанага скачка “360 плюс 360”.
У 1976 г. на Алімпіядзе ў Манрэалі гімнастычная зборная СССР у сёмы раз атрымала залатыя медалі.
Вольга Корбут скончыла гістарычны факультэт Гродзенскага педінстытута. Пасля заключных паказальных выступленняў у Тэгеране выйшла замуж за ўдзельніка ансамбля “Песняры” Леаніда Барткевіча.
У цяперашні час жыве ў Атланце і з’яўляецца кіраўніком гімнастычнай акадэміі, якая носіць яе імя.