Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Заменгоф Лазар Маркавіч

Заменгоф Лазар Маркавіч

Заменгоф Лазар Маркавіч (Людвік Лазар Заменгоф) (15 снежня 1859, Беласток, Расійская імперыя – 14 красавіка 1917, Варшава, Расійская імперыя) – польскі лекар-акуліст і лінгвіст, вядомы як стваральнік эсперанта – найбольш паспяховай з сканструяваных міжнародных моў.

Нарадзіўся 15 снежня 1859 г. у Беластоку ў сям'і настаўніка. Вучыўся ў Гродзенскім рэальным вучылішчы. Пасля пераезду бацькоў у 1873 г. у Варшаву Лазар працягнуў вучобу ў гімназіі № 2. Тут ён стаў задумвацца над тым, як зрабіць больш даступнымі зносіны паміж людзьмі, якія гавораць на розных мовах.

Бацька хацеў, каб сын стаў адвакатам або лекарам, і таму не падтрымаў яго захаплення мовамі. Па яго патрабаванні Лазар паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Так як быў заняты вучобай, ідэя стварэння новай мовы адышла на другі план.

Атрымаўшы ў лютым 1885 г. дыплом, малады лекар адправіўся на працу ў мястэчка Вяйсей, у 160 км ад Беластока. У сельскай глушы, нягледзячы на небяспеку пазбавіцца медыцынскай практыкі, ён скончыў стварэнне новай мовы. І толькі ў 1887 г. адважыўся выдаць за ўласны кошт доўгачаканы падручнік.

У 1889 г. Заменгоф пераехаў у Варшаву і стаў працаваць урачом-акулістам у шпіталі. З-за захопленасці эсперанта Л.Заменгоф мала ўвагі надаваў медыцынскай дзейнасці. Таму ў пошуках выгаднай медыцынскай практыкі ў 1893 г. прыехаў у Гродна. Першыя дакументы аб яго пражыванні ў горадзе над Нёманам знойдзены Е.Н.Яроменкам у 1984 г. у гістарычным архіве. У прыватнасці, у “Памятных кніжках Гродзенскай губерні” 1896 і 1897 гг. ён значыўся ў спісах прыватных лекараў. Але ў “Расійскіх медыцынскіх спісах” яго прозвішча называлася ў ліку ўрачоў, якія практыкавалі ў Варшаве і Херсоне.

У архіўным фондзе медычнага аддзялення губернскага праўлення выяўлена рэгістрацыйная картка на лекара Лазара Маркавіча Заменгофа ад 22 кастрычніка 1893 г. Ён запоўніў яе, калі звярнуўся па дазвол працаваць у Гродне. У картцы, акрамя ўжо вядомых дадзеных пра час нараджэння і заканчэння ўніверсітэта, паказана, што яго спецыяльнасць – хваробы вачэй, нерухомай маёмасцю не валодае, бацька дваіх дзяцей, пражывае ў Гродне.

Атрымаўшы ад уладаў дазвол на прыватную практыку, Л.М. Заменгоф адкрыў прыёмную ў кватэры, якую здымаў на вуліцы Паліцэйскай (цяпер – вул. Кірава) у доме Рахманіна. Нягледзячы на занятасць медыцынскай практыкай, Л.М. Заменгоф удзельнічаў у працы таварыства лекараў Гродзенскай губерні.

Таксама прозвішча Заменгофа лічылася ў спісе прысяжных засядацеляў Гродзенскага акруговага суда. Удзельнічаючы ў судовых працэсах, ён заўсёды праяўляў цвёрдасць і прынцыповасць. А калі ваеннае ведамства стала ўдакладняць спісы лекараў для магчымай мабілізацыі, ён падаў 20 чэрвеня 1896 г. рапарт: “Ніжэйпадпісаны абавязваюся ў выпадку вайны выконваць абавязкі ўрача па месцы жыхарства ў Гродне”.

Разам з сям'ёй Л.М. Заменгоф пражыў у Гродне 4 гады. У медычнай картцы маецца запіс ад 16 верасня 1897 г. што ён выбыў у Варшаву. Захаваўся ў архіве і яго ліст да аддзялення ўрачоў ад 27 кастрычніка: “Гонар маю заявіць, што я пакінуў горад Гродна і пераехаў на сталае жыхарства ў Варшаву. Лекар Лазар Заменгоф”.

Памёр Л.Заменгоф 14 красавіка 1917 г. у Варшаве.

У Гродне з 1983 г. пачаў дзейнічаць клуб аматараў эсперанта “Эспера-Надзея”. У 1985 г. Гродзенскае навуковае таварыства гісторыкаў медыцыны правяло юбілейнае пасяджэнне, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння Л.М. Заменгофа. У 1991 і 1993 гг. у Гродне адбыліся міжнародныя канферэнцыі эсперантыстаў. На доме № 5 па вуліцы Кірава, дзе калісьці Л.М. Заменгоф пражываў з сям'ёй, у 1991 г. устаноўлена памятная дошка. Яго імем у 1996 годзе названа адна з новых вуліц г. Гродна.