Лебедзеў Іван Данілавіч
Лебедзеў Іван Данілавіч (9 жніўня 1916, слабада Данілаўка, вобласць Войска Данскога – 1 кастрычніка 2014 г., Гродна) – палкоўнік Савецкай Арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1943).
Іван Данілавіч Лебедзеў нарадзіўся ў слабадзе Данілаўка Усць-Мядзведзіцкай акругі вобласці Войска Данскога (цяпер – рабочы пасёлак у Валгаградскай вобласці). Пасля заканчэння Балашоўскага тэхнікума аграноміі і глебазнаўства працаваў аграномам-хімізатарам у Тахта-Купырскай машынна-трактарнай станцыі ў Каракалпацкай АССР.
У 1937-1940 гадах служыў у Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, у войсках памежнай аховы НКУС у Туркменіі. Перад заканчэннем тэрміновай службы Іван Лебедзеў скончыў курсы малодшых палітрукоў запасу, пасля чаго быў звольнены ў запас 30 снежня 1940 года з прысваеннем першага афіцэрскага звання малодшы палітрук. Затым працаваў участковым аграномам у Данілаўскай МТС у Сталінградскай вобласці. 23 чэрвеня 1941 года Іван Лебедзеў быў прызваны ў войска, накіраваны у Ліпецк. Быў палітруком роты, удзельнічаў у баях пад Ленінградам. 12 кастрычніка 1941 года ў баі пад вёскай Мішкіна, што каля станцыі Мга, атрымаў цяжкае раненне ў галаву і руку. Лячыўся ў шпіталі № 1705 у Свярдлоўску, затым праходзіў службу ў 65-й асобнай марской стралковай брыгадзе, удзельнічаў у баях на Карэльскім фронце. У лістападзе 1942 года быў накіраваны на курсы намеснікаў камандзіраў палкоў у горад Горкі.
Да кастрычніка 1943 года гвардыі капітан Іван Лебедзеў быў намеснікам па палітычнай частцы камандзіра дывізіёна 5-га гвардзейскага паветрана-дэсантнага артылерыйскага палка 10-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі 37-й арміі Стэпавага фронту. Вызначыўся падчас бітвы за Дняпро. 1 кастрычніка 1943 года Іван Лебедзеў пераправіўся праз Днепр у раёне вёскі Перавалочна (цяпер – Светлагорскае Кабэляцкага раёна Палтаўскай вобласці Украіны) і прыняў актыўны ўдзел у баях за захоп і ўтрыманне плацдарма на яго заходнім беразе, а 14 кастрычніка 1943 года, рэагуючы на варожую контратаку, знішчыў тры танкі і каля ўзвода варожай пяхоты.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 снежня 1943 года за “ўзорнае выкананне заданняў камандавання і праяўленыя мужнасць і гераізм у баях з нямецкімі захопнікамі” гвардыі капітан Іван Лебедзеў быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка” за нумарам 3161.
Іван Данілавіч удзельнічаў у Парадзе Перамогі, нёс штандар 3-га Украінскага фронта. Пасля заканчэння вайны працягнуў службу ў Савецкай Арміі. Скончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе. У 1956-1966 гадах з'яўляўся ваенным камісарам Гродзенскай вобласці. У 1966 годзе ў званні палкоўніка Іван Данілавіч Лебедзеў быў звольнены ў запас, але застаўся жыць у Гродне. Працаваў у аддзеле кадраў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю.
Іван Лебедзеў – Ганаровы грамадзянін Гродна, Ганаровы пагранічнік Рэспублікі Беларусь. Ён быў ўзнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, беларускім ордэнам “За службу Радзіме” 3-й ступені і ўкраінскім ордэнам “За заслугі” 3-й ступені, шэрагам медалёў.
Іван Данілавіч Лебедзеў пайшоў з жыцця 1 кастрычніка 2014 года, пахаваны на Алеі Герояў у г. Гродна.
У 2017 годзе ў Гродне з’явіўся праспект Лебедзева, а ў 2019 годзе на будынку Гродзенскага абласнога ваеннага камісарыята ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Івана Данілавіча. У 2020 годзе сярэдняй школе № 39 г. Гродна было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза І.Д. Лебедзева.