Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Ядэшка Іван Іванавіч

Ядэшка Іван Іванавіч

Ядэшка Іван Іванавіч (нар. 25.03.1945, в. Сцяцкі Гродзенскага р-на) – савецкі спартсмен (баскетбол), чэмпіён гульняў XX Алімпіяды ў Мюнхене (1972 г.), бронзавы прызёр Гульняў XXI Алімпіяды ў Манрэалі (1976 г.), чэмпіён свету (Пуэрта-Рыка, 1974 г.), двухразовы чэмпіён Еўропы (Германія, 1971 г.; Італія, 1979 г.), шматразовы чэмпіён СССР (1971-1974, 1976, 1977, 1979, 1980 гг.). Заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны трэнер СССР, Заслужаны трэнер Расіі.

Пачынаў юнак сур’ёзныя заняткі спортам з бокса, але яго высокі рост прыцягнуў увагу дзіцячага баскетбольнага трэнера Анатоля Марцінкевіча, які запрасіў Івана Ядэшку ў сваю секцыю. Працягнуў заняткі з таленавітым падлеткам Якаў Фруман. Пазней Ядэшка пераехаў у Мінск, выступаў у 1960-я гг. за каманду “Спартак”, пазней за баскетбольную каманду Мінскага радыётэхнічнага інстытута.

У 1970 г. Іван Ядэшка быў мабілізаваны ў войска і пачаў выступаць за славуты клуб ЦСКА (Масква) пад кіраўніцтвам трэнера Аляксандра Гомельскага. У складзе ЦСКА спартсмен стаў васьміразовым чэмпіёнам СССР.

У 1970 г. зборную каманду СССР па баскетболу ўзначаліў трэнер-наватар Уладзімір Кандрашын, які таксама ацаніў талент Івана Ядэшкі. Разам з гэтым трэнерам савецкая зборная выйграла залатыя медалі Універсіяды 1970 г., залатыя медалі чэмпіянату Еўропы 1971 г. і ў якасці аднаго з фаварытаў падышла да Алімпійскіх гульняў 1972 г. ў Мюнхене. Алімпійскі баскетбольны фінал-1972 СССР-ЗША апынуўся адным з самых напружаных і запамінальных ў гісторыі гульняў. Калі да канца матчу заставалася ўсяго тры секунды, амерыканцы вялі ў ліку – 50:49. Вырашальную атаку трэнер Уладзімір Кандрашын даверыў менавіта Івану. Спартсмен здолеў перадаць пас праз усю пляцоўку свайму таварышу Аляксандру Бялову, які імгненна накіраваў мяч у кошык саперніка. Заключныя тры секунды змянілі лік на 50:51 ужо на карысць зборнай Савецкага Саюза, якая змагла ўпершыню за ўсю гісторыю алімпійскага руху абгуляць амерыканцаў у фінале баскетбольнага турніру.

На летніх Алімпійскіх гульнях у 1976 г. ў Манрэалі савецкая зборная пад кіраўніцтвам усё таго ж Уладзіміра Кандрашына заваявала яшчэ і бронзавы медаль. Такім чынам Іван Ядэшка разам з усёй сваёй камандай стаў бронзавым прызёрам Алімпіяды-1976.

Пасля заканчэння сваёй актыўнай спартыўнай кар’еры спартсмен перайшоў на трэнерскую пасаду, дзе таксама змог дамагчыся сур’ёзных поспехаў. У часы яго кіраўніцтва камандай ЦСКА, у 1992 г. яна стала чэмпіёнам Расіі. У 1993 г. Іван Ядэшка працаваў галоўным трэнерам ліванскага клуба “Спортынг”, які стаў чэмпіёнам краіны. У 1998 г. алімпійскі чэмпіён вярнуўся ў Расію, дзе ўзначальваў з 1998 па 2000 год юніёрскую зборную Расіі. Таксама Іван Ядэшка працаваў галоўным трэнерам моладзевай зборнай Расіі.

З 1991 г. у Мінску праходзіць баскетбольны турнір дзіцячых каманд на прызы алімпійскага чэмпіёна Івана Ядэшкі.